Брэсцкае "Дынама" правядзе свой хатні матч у Лізе канферэнцый у Грузіі

Футбольнае брэсцкае "Дынама" правядзе свой хатні матч 2-га раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый з чэшскай "Вікторыяй" у Батумі. Як паведамляе клубная прэс-служба, рашэнне аб пераносе сустрэчы на нейтральнае поле было прынята УЕФА. Гульня пройдзе на 20-тысячным стадыёне 29 ліпеня. Ён быў адкрыты летась і змяшчае 20 тысяч чалавек. Аднак, паводле рэгламенту, заўзятараў на матчы не будзе.

Прэс-служба ФК "Дынама-Брэст" адзначае, што "ў выпадку аднаўлення прамых чартараў еўрапейскіх авіякампаній у Беларусь УЕФА дапускае правядзенне матчу ў адказ у Брэсце". Палёты над Беларуссю былі спынены пасля здарэння з пасажырскім самалётам Ryanair.

Першы матч брэсцкага "Дынама" з "Вікторыяй" пройдзе 22 ліпеня ў Чэхіі.

Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі, дзе правядуць свае хатнія матчы ў кваліфікацыі еўракубкаў іншыя беларускія клубы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.