Вы тут

У інтэрнэце распаўсюджваецца апошняе слова Эдуарда Пальчыса

У сацсетках з'явіўся тэкст апошняга слова Эдуарда Пальчыса. Паведамляецца, што заяву перадала адвакатка падсуднага Ганна Бахціна.

"У сваім апошнім слове я хачу расказаць сутнасць твору Дантэ "Боская камедыя". Сутнасць зводзіцца да таго, што людзі, якія праходзяць усе колы пекла, падыходзяць да апошняй мяжы, і гэтай мяжой ёсць страшная пачвара. Пачвара перамолвае сваімі жорнамі здраднікаў і хлусаў. Усіх, хто абвінавачвае мяне ў тым, што я люблю Беларусь, я лічу здраднікамі. Усіх, хто лічыць, што я распаўсюджваў парнаграфію, я лічу хлусамі. Я шкадую, што зараз побач са мной няма маёй жонкі, маёй сям'і, журналістаў, якім я вельмі ўдзячны. Я ўдзячны тым людзям, якія зараз стаяць на вуліцы, вы чуеце іх голас, і я з імі. Усё, што я магу сказаць: ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!"

Пальчыса судзяць на закрытым працэсе ў Мінскім гарадскім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1-3). Прысуд будзе абвешчаны ў пятніцу, 28 кастрычніка, а 10-й гадзіне.

Блогера вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай варожасці і распаўсюдзе парнаграфіі.