У Гомелі развіталіся з 14-гадовым школьнікам, які памёр на перапынку

Фотаздымак 14-гадовага Мікіты​ / "Сильные Новости"
Фотаздымак 14-гадовага Мікіты​ / "Сильные Новости"

Сёння ў Гомелі прайшло развітанне з 14-гадовым Мікітам, які 3 верасня раптам страціў прытомнасць на перапынку ў школе — медыкі не змаглі яго выратаваць.

Акрамя родных і блізкіх, развітацца з хлопчыкам прыйшлі яго сябры і школьныя таварышы, знаёмыя бацькоў, жыхары мікрараёна, а таксама школьныя настаўнікі і супрацоўнікі МЧС, паведамляюць "Сильные Новости".

Мікіта сур'ёзна захапляўся пажарна-выратавальным спортам, марыў паступіць ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МЧС. Каманда спартсменаў-ратавальнікаў хутка паедзе на чарговыя спаборніцтвы. Але ў гэты раз не поўным складам — ​​іншага спартсмена замест Мікіты вырашылі не заяўляць.

Калі бацькі выбіралі труну для свайго сына, яны спыніліся на белым колеры.

"Мяне адгаворвалі, казалі, лепш цёмны, з аксамітнай абіўкай. Не. Толькі белы. Мікіта - гэта мой анёл, самы добры анёл", — патлумачыла матуля хлопчыка, Таццяна.

Жалобны картэж суправаджала калона матацыклістаў. Мікіту пахаваюць на могілках у Лоеве, дзе ён нарадзіўся. У сям'і, акрамя Мікіты, яшчэ чацвёра дзяцей.

Як паведамляла "Еўрарадыё", трагедыя здарылася ў СШ № 38 на вуліцы Валгаградскай. Васьмікласнік Мікіта гуляў у тэлефоне, і яму раптам стала дрэнна. Школьная медсястра выклікала хуткую, медыкі 45 хвілін беспаспяхова спрабавалі рэанімаваць хлопчыка.

Да гэтага праблем са здароўем у Мікіты не было, ён рэгулярна праходзіў медкамісію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі