Вы тут

У фельчара "хуткай" з Ліды праблемы пасля стрыму ў "Краіне для жыцця”

Павел Палейчык — злева / vk.com

Фельчару хуткай дапамогі з Ліды Паўлу Палейчыку пагражаюць звальненнем пасля сустрэчы з відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім. Палейчык эмацыйна расказаў пра праблемы, якія турбуюць яго і калег, — і атрымаў яшчэ больш праблем.

22 красавіка малады чалавек прыйшоў на сустрэчу з Ціханоўскім у Лідзе і расказаў пра складаную сітуацыю на працы:

— Машын "хуткай" не хапае, яны не рамантуюцца, сродкаў індывідуальнай аховы не хапае, кіроўцы працуюць па 12 гадзін ад выкліку да выкліку. На рабоце мяне падтрымалі ўсе калегі. Кажуць, што маладзец, што праўду кажу.

Павел расказвае Еўрарадыё, што падставай для абурэння стала адпраўленне брыгады "хуткай" без спецаховы на выклік да пацыента з падазрэннем на COVID-19. Як растлумачыла кіраўніцтва — з мэтай не выклікаць панікі ў насельніцтва.

— Праблемы пачаліся яшчэ да сустрэчы з Ціханоўскім. Я ў нашай групе ў "Вайберы" абурыўся гэтым выпадкам, і мяне выклікала загадчыца на размову. Што да сродкаў індывідуальнай аховы, іх у нас у цэлым спачатку хапала. Але яны хутка разышліся. Дактары іх сціраюць, выкарыстоўваюць зноўку, — тлумачыць Павел. — Я вырашыў звярнуцца да валанцёраў па нармальныя рэспіратары. У выніку зноў адбылася непрыемная размова з адміністрацыяй. Маўляў, без ведама кіраўніцтва звярнуўся да валанцёраў.

Павел Палейчык 6 гадоў працуе на станцыі хуткай дапамогі Лідскай ЦРБ. Пасля таго як выйшла відэа Ціханоўскага, на фельчара склалі дакладную запіску за трохгадзінны прагул. Павел тлумачыць, што ў той дзень яму трэба было звазіць бацьку ў паліклініку. Але прагулу не было: на рабоце яго падмяніў іншы супрацоўнік "хуткай".

— Загадчыца станцыі хуткай дапамогі патэлефанавала, сказала пісаць тлумачальную. Ёсць апаска, што мне не прадоўжаць кантракт. Але мне надакучыла маўчаць. Думаю, усе хутка пачнуць гаварыць, ва ўсіх "накіпела".

Ліда / bus.by

Па словах фельчара, колькасць ВРВІ ў Лідзе прыкметна вырасла. Пад хворых на каранавірусную інфекцыю ў горадзе вылучылі радзільню. Дакладнай колькасці смерцяў, звязаных з каранавіруснай інфекцыяй, медык не ведае. Але расказвае, што нядаўна ад пнеўманіі памёр былы работнік "хуткай" сталага ўзросту.

Сам Павел сёння выходзіць з бальнічнага — пасля кантакту з заражаным COVID-19 пацыентам ён і яго калегі знаходзіліся на самаізаляцыі. Каранавірус у нашага суразмоўніка не пацвердзіўся. Фельчар плануе працягваць работу ў "хуткай", хоць і асцерагаецца, што яго могуць звольніць:

— Але такі прагул, вядома, не прычына для звальнення! Раней у мяне ніколі ніякіх "залётаў" не было, кіраўніцтва ніколі не прад'яўляла прэтэнзій да работы.

16 красавіка міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік расказаў, што ў краіне каранавірусам інфікаваныя 419 медыкаў. Таксама Мінздароўя пацвярджае смерць некалькіх дактароў ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі. Дакладную колькасць ахвяр COVID-19 сярод сваіх супрацоўнікаў ведамства не раскрывае.

Але інфармацыя пра смерці сярод медперсаналу рэгулярна даходзіць да СМІ. "Радыё Свабода" паведамляе пра смерць 37-гадовага фельчара "хуткай" з Мінска. Яшчэ адзін работнік брыгады хуткай дапамогі памёр у Барысаве 8 красавіка. 30 красавіка ў Любані ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі памёр доктар-рэнтгенолаг. 3 красавіка стала вядома пра смерць 47-гадовай медсястры з Віцебска, у яе была пнеўманія.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі на раніцу 6 траўня — 19 255 (+905 за суткі). Гэта 8,7% ад колькасці праведзеных тэстаў. Ахвяр каранавіруса ўжо 112, а паправіліся 4276 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.