У Еўропе забараняюць салярыі для непаўналетніх

Аўстрыя пайшла прыкладам Францыі і Нямеччыны і забараніла салярыі для непаўналетніх. Навукоўцы даказалі, што штучны загар шкодзіць скуры і можа выклікаць рак. Паводле беларускіх нормаў, у салярыі не павінны пускаць падлеткаў да 16 гадоў. Але на практыцы… 
"Можа прыйсці маці з дзіцем 7-8 год і з прафілактычнай мэтай, на думку маці, зрабіць яму загар. І адмовіць гэтаму дзіцяці не маюць права", ― гаворыць Кацярына, мадэратар аднаго з сайтаў, прысвечаных мінскім салярыям.
У некаторых салярыях пра абмежаванне нават не чулі.
Супрацоўніца салярыя: "Па-мойму, дзецям нельга ў салярый. Я, напрыклад, пра абмежаванні па ўзросце чую ўпершыню. Але нармальная маці малога ў салярый не павядзе. А калі прывядзе,  то прасцей яе саму адправіць да лекара".
Некалькі гадоў таму медыкі дамагліся таго, што аказанне паслуг у салярыях было пераведзена з разраду фізкультурна-аздараўленчых у разрад медыцынскіх. Цяпер у кожным салярыі, па-першае, мусіць працаваць медсястра, па-другое, праводзіць працэдуры павінен чалавек, які прайшоў спецыяльныя курсы,  распавяла Еўрарадыё дацэнт кафедры фізіятэрапіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПО) Ларыса Казлоўская.
Дзесяцідзённая падрыхтоўка вядзецца ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і медыцынскім вучылішчы. Да таго ж, кожны салярый павінен мець спіс проціпаказанняў, і кліент мусіць распісацца, што азнаёмлены з ім.  
Прычым у салярыі не маюць права пускаць дзяцей да 16 год нават у суправаджэнні бацькоў, кажа Ларыса Казлоўская.
Ларыса Казлоўская: "Гэта калі ёсць медыцынскае скірванне на лячэнне нейкай хваробы. Але мы зараз туды не скіроўваем. Таму афіцыйна ідзе ад 16 гадоў".
Але ў саміх салярыях Еўрарадыё запэўнілі, што з дазволу бацькоў дзецям пазагараць дазволяць.
Супрацоўніца салярыя: "Да 16 гадоў нельга, толькі з дазволу бацькоў. Бацькі прыходзяць, просяць: вось гэта мая дачка альбо сын, і толькі тады мы можам дазволіць. Іначай — нельга ні ў якім разе".
Да таго ж пашпарт у маладзёнаў, каб праверыць узрост, як правіла не пытаюць.
Супрацоўніца салярыя: "Не, такога няма. Цяпер дзяўчаты ў 16 гадоў выглядаюць на 20. Калі візуальна яны падыходзяць, то не пытаюць".

Фота: blogs.smh.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі