У ДАІ прызналі, што распачалі страляніну ў цэнтры Мінска (відэа)

У ДАІ прызналі, што распачалі страляніну ў цэнтры Мінска (відэа)

ДАІ абнародавала сваю версію пагоні за "Аўдзі" і страляніны па ўцекачы, якую распачаў у цэнтры Мінска адзін з міліцыянтаў. 

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 18 верасня. Шэсць экіпажаў ДАІ пераследавалі ў Мінску "Аўдзі" з расійскімі нумарамі. Каля гіпермаркета "Карона" аўтамабіль амаль заблакавалі, але кіроўцу ўдалося выехаць па газонах і тратуарах. Адзін з міліцыянтаў двойчы стрэліў услед аўтамабілю. Затрымалі ўцекача на вуліцы Жудро, калі ён учыніў ДТЗ.

Як паведамляе міліцыя, каля 14.50 на трасе Мінск — Маладзечна каля вёскі Лашаны Мінскага раёна кіроўца "Аўдзі 80" не спыніўся па патрабаванні ДАІ. Інспектары паехалі ў пагоню і патрабавалі ў кіроўцы спыніцца, але ён ігнараваў іх. Каля Заслаўя аўтамабіль ДАІ па тэхнічных прычынах не змог працягнуць пераслед і перадаў інфармацыю пра "Аўдзі" ў дзяжурную частку. 

У Мінску даішнікі заўважылі гэты аўтамабіль на вуліцы Ціміразева ў раёне МКАД. Яго кіроўца зноў не спыніўся і паспрабаваў уцячы. На аўтапаркоўцы гандлёвага цэнтра "Карона" ён паехаў па тратуары да ўваходу ў станцыю метро "Маладзёжная".

"Інспектарам была выкарыстаная табельная зброя для спынення транспартнага сродку, бо дзеянні кіроўцы "Аўдзі 80" стваралі рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. У выніку ўжывання табельнай зброі ніхто не пацярпеў", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. 

Праўда, кіроўца не спыніўся нават пасля гэтага, а па тратуары выехаў на вуліцу Кальварыйскую і паехаў у бок вуліцы Прытыцкага. Потым ён вывернуў на вуліцу Жудро, дзе спрабаваў уцячы ад пагоні па сустрэчнай паласе, але ўрэзаўся ў аўтамабілі, якія былі прыпаркаваныя ўздоўж дарогі. Аўто заблакавалі, кіроўцу затрымалі.

Высветлілася, што гэта 65-гадовы грамадзянін Беларусі, які мае пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі. Мужчына быў цвярозы. Прычыну ўцёкаў і шматлікіх парушэнняў ПДР ён патлумачыць не змог. 

Па гэтым факце праводзіцца праверка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі