Вы тут

У Брэсце судзяць былога маёра міліцыі

Ён адказваў у тым ліку за афармленне транспартных сродкаў, якія міліцыянеры прывозілі на штрафстаянкі / Ілюстрацыйнае фота zviazda.by

У Брэсце судзяць 42-гадовага былога маёра міліцыі. За тое, што ён вывез са штрафстаянкі тры аўтамабілі і матацыкл. Мужчыну абвінавачваюць па артыкулах "махлярства ў буйным памеры" і "перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці". Крымінальную справу разглядае суд Маскоўскага раёна, піша vb.by.

Брэстчанін займаў пасаду старшага інспектара аддзела тэхнікі і ўзбраення ўпраўлення фінансаў і тылу УУС Брэсцкага аблвыканкама. Ён адказваў у тым ліку за афармленне транспартных сродкаў, якія міліцыянеры прывозілі на штрафстаянкі.

У судзе было агучана, што падчас службы ў міліцыі афіцэр "шляхам падману і махлярства" завалодаў матацыклам "Субару" і трыма аўтамабілямі "Аўдзі" на агульную суму 12,9 тысячы рублёў. Работнікам стаянкі ён паказваў падробленыя дакументы, якія нібыта давалі яму права ўзяць транспартныя сродкі "для далейшых следчых дзеянняў". І машыны, і матацыкл мужчына адвёз да сваіх сяброў у Брэсцкім раёне. Адзін аўтамабіль ён цалкам разабраў, яшчэ адзін — часткова, каб прадаць запчасткі. Аднак водгукаў на аб'яву ў інтэрнэце не было.

Пракурор заявіў, што міліцыянер нанёс шкоду дзяржаўным інтарэсам і "дыскрэдытаваў органы правапарадку". Абвінавачаны сваю віну цалкам прызнаў. Паводле яго слоў, тэрмінова былі патрэбны грошы, паколькі жонка цяжка хварэла.

Былому маёру можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.