У Брэсце суд не дапамог экс-кандыдатцы ў пошуках "мёртвых душ"

Магчымае парушэнне выявіла былая кандыдатка ў Брэсцкі гарсавет Людміла Дзенісенка. Падчас азнаямлення з пратаколамі па выбарах яна звярнула ўвагу, што ажно 168 жыхароў мікрараёна Задворцы 23 сакавіка, нібыта, прагаласавалі дома. Жанчына сумняецца, што сябры выбаркаму здолелі за некалькі гадзін абысці прыватны сектар былой вёскі са скрынкай для галасавання. На думку Дзенісенкі, гэта немагчыма зрабіць проста фізічна.

Жанчына раней звярталася ў Брэсцкую абласную і Брэсцкую гарадскую выбарчыя камісіі, каб атрымаць гэты спіс, але беспаспяхова. Дзенісенка прасіла нават пракуратуру адшукаць спіс. Ад праваахоўнікаў стала вядома, што ён знаходзіцца ў адміністрацыі Ленінскага раёна, аднак зварот туды таксама не даў плёну.

Як паведаміла Еўрарадыё Людміла Дзенісенка, яна звярталася з грамадзянскай позвай у суд, каб прызнаць адмовы выбаркамаў несапраўднымі. Аднак і суд ёй адмовіў.

Дзенісенка: "Яны спасылаюцца на тое, што з гэтымі спісамі, якія мне не прадставілі, кожны выбаршчык мог азнаёміцца. А я як бы і не выбаршчык, таму мне іх даваць нельга. Але яны забываюць артыкул пра тое, што выбары ў нас праходзяць галосна і ажыццяўляецца празрыстаць і даступнасць інфармацыі. Я ж не прашу нейкія засакрэчаныя звесткі".

Па словах экс-кандыдаткі ад партыі левых "Справядлівы свет", яна збіраецца і далей змагацца за магчымасць пабачыць спіс тых, хто прагаласаваў на даму. Зараз жанчына рыхтуе скаргу ў Брэсцкі абласны суд на рашэнне папярэдняга суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі