У Брэсце не пабудуюць "італьянскі квартал", супраць якога выступілі гараджане

У Брэсце не пабудуюць "італьянскі квартал", супраць якога выступілі гараджане

У мінулым годзе Еўрарадыё распавядала гісторыю з “італьянскім кварталам” у Брэсце. Канфліктная сітуацыя ўзнікла некалькі гадоў таму. Тэрытарыяльны квадрат вуліц Міцкевіча, Савецкая, Камсамольская і Пушкінская прыглянуўся італьянскай фірме. Замежнікі запланавалі рэалізаваць тут, у самым цэнтры Брэста, інвестыцыйны праект. Кіраўніцтва горада дазволіла забудову, аднак шмат пытанняў узнікла ў мясцовых жыхароў.

З гэтай нагоды ў жніўні 2014 года было арганізаванае грамадскае абмеркаванне, а незадаволеныя жыхары нават зладзілі ў гарвыканкаме стыхійны пікет.

І вось цяпер з афіцыйнага паведамлення Брэсцкага гарвыканкама вынікае, што ў ходзе рэалізацыі праекта інвестар неаднаразова парушаў умовы інвестыцыйнай дамовы. 16 лістапада Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне "Аб спыненні дзеяння інвестыцыйнай дамовы, заключанай з сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасцю "Офіс-Цэнтр”.

Еўрарадыё паразмаўляла з Ірынай Ткачовай, актыўнай удзельніцай пратэсту супраць будаўніцтва “італьянскага квартала” на месцы яе дома. Па яе словах, у інвестара проста не хапіла грошай, каб рассяліць жыхароў.

“Разарвалі дамову з прычыны поўнай фінансавай неплацежаздольнасці. Яны (прадстаўнікі фірмы-інвестара ― Еўрарадыё) узяліся за першы этап рассялення: мелі вельмі вялікую колькасць кватэр ― 27. Для Брэста гэта беспрэцэдэнтна, тым больш у цэнтральным раёне горада. Яны рассялілі палову, але больш за гэта не “пацягнулі”, сродкаў не было”, ― кажа жанчына.

Большасць сем’яў, на месцы дамоў якіх планавалася рэалізацыя "італьянскага квартала", не задавальнялі прапановы інвестара. Людзей бянтэжыла працэдура ацэнкі іх маёмасці. Напрыклад, на слуханнях у гарвыканкаме выявілася, што праводзіць ацэнку прыходзілі толькі ў 2 кватэры. Якім чынам ацанілі астатнія кватэры, было невядома.

Ірына Ткачова прызнаецца, што інвестар сёлета ўсё ж пайшоў на пэўныя саступкі і прапанову палепшыў. Амаль палова сем’яў засялілася ў новыя кватэры ў цэнтры горада. Астатнія да апошняга трымаліся свайго жылля.

Ірына Ткачова кажа, што разарванне дамовы ― гэта, безумоўна, перамога, аднак непрыемны асадак усё ж застаўся.

Ткачова: “Гэта, на жаль, не мае ніякага дачынення да таго, наконт чаго мы пачыналі свой пратэст: знішчэнне культурна-гістарычнай часткі горада “навабудамі” ― бетона-шклянымі глыбамі. Калі б у іх былі сродкі, яны б працягнулі гэты “шклабат” на ўсю дваровую тэрыторыю ў цэнтральным квартале! Іх нічога не засмучала! Так, мы перамаглі, але таму, што ні на хвіліну не пакідалі іх у спакоі”.

На прыкладзе дома №21 па вуліцы Міцкевіча Ірына распавядае, што жыхары некалькі гадоў літаральна “жылі на валізках”.

“Справа ў тым, што гэты дом абцяжараны абмежаваннямі аб размеркаванні маёмасці з ліпеня 2010 года. І вось уявіце, што людзі ўжо 6 гадоў не могуць зрабіць ні рамонт, ні правесці нейкія камунікацыі… А якія цяпер гарантыі, што, калі людзі ўсё ж возьмуцца прыводзіць у парадак сваё жыллё, не з’явіцца праз нейкі час чарговы “паляўнічы”, які пажадае там нешта пабудаваць?”

Што чакае пустыя кватэры, з якіх жыхары ўсё ж такі з’ехалі ў новае жыллё, пакуль невядома.

Фота: realbrest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі