У Брэсце дваіх сяржантаў асудзілі за дзедаўшчыну

У Брэсце дваіх сяржантаў асудзілі за дзедаўшчыну

У Брэсце дваіх вайскоўцаў тэрміновай службы асудзілі за збіццё і здзекі над іншымі салдатамі, паведамляе БЕЛТА. Адзін з асуджаных прызываўся з Гомеля і паспеў атрымаць званне малодшага сяржанта. Другі паступіў на службу з Жабінкаўскага раёна меў званне сяржанта. Абодвум хлопцам па 19 гадоў.

Як перадае TUT.by, у судзе сведкі распавялі пра тое, як фігуранты справы здзекваліся з аднавайскоўцаў. Напрыклад, маглі ўзняць салдат пасля адбою і загадаць ім прыняць упор, лежачы на кулаках. Таксама яны прымушалі днявальнага нанесці салдатам па адным удары драўлянай плашкай па ягадзіцах. Гэта быў спосаб паканання за нізкую якасць выканання абавязкаў па службе. Былі таксама выпадкі, калі “дзяды” прымушалі салдат есці цыгарэты за парушэнне забароны на паленне.

Суд прызнаў, што вайскоўцы перавышалі свае паўнамоцтвы і такім чынам “выхоўвалі” салдат з маладой змены. Абвінавачаныя не прызналі сваёй віны і заявілі, што іх агаварылі.

Ім прысудзілі тры месяцы арышту і забарону займаць пасады малодшых камандзіраў ва Узброеных сілах цягам чатырох гадоў. На час следства па гэтай справе “дзядоў” трымалі ў СІЗА, таму тэрмін знаходжання пад вартах пайшоў у залік прызначанага судом пакарання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі