Вы тут

У БПЦ не ведаюць, хто пісаў "лісты ў Канстанцінопаль" пра аўтакефалію

Аляксандр Лукашэнка ў Жыровіцкім манастыры / president.gov.by

У Беларускай Праваслаўнай Царкве не ведаюць, хто пісаў "лісты ў Канстанцінопаль" пра аўтакефалію. Пра іх згадаў у пятніцу падчас наведвання Жыровіцкага манастыра Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не можам сказаць, што гэтых лістоў няма, але інфармацыі дакладнай у мяне няма, хто гэтыя лісты напісаў", сказаў ria.ru старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ Ігар Васько. Паводле яго слоў, ідэя аўтакефаліі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве "не прымаецца" ні вернікамі, ні святарамі.

Лукашэнка ў Жыровічах заявіў пра спробу "зламаць праваслаўе ў Беларусі", але не стаў удакладняць, хто за ёй стаіць. Сказаў толькі, што абмяркоўваў гэта з кіраўніком РПЦ патрыярхам Кірылам. Паводле яго слоў, падчас масавых пратэстаў у Беларусі "пэўныя хістанні" былі ня толькі сярод католікаў, але і сярод праваслаўных. Але БПЦ з імі "справілася". Аднак супакойвацца не трэба, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў, што ідэі аўтакефаліі прасоўваюць нейкія "праціўнікі беларускай дзяржавы".

"Лісты пайшлі ў Канстанцінопаль, да нашага патрыярха (ён пра гэта мне казаў), ды і тут мы ўжо бачым гэты разварот, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Наталлі Іванаўне [Качанавай] я даручыў, каб яна ажыццяўляла паміж дзяржавай, кіраўніцтвам краіны і уладыкам [мітрапалітам Веніямінам, кіраўніком БПЦ] кантакт. Каб мы, не дай бог, скажу па-народнаму, не праспалі гэты момант".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.