У Беларусі ўводзяць новае абмежаванне на продаж піва ў пластыкавых бутэльках. Піва і слабаалкагольныя напоі з доляй этылавага спірту да 7% нельга будзе прадаваць у палімернай тары аб'ёмам большым за 1,5 літра. Гэтае правіла ўступае ў сілу з 1 студзеня 2025 года.
Рашэнне ўжо прынятае. Адпаведная пастанова ўрада апублікаваная на Нацыянальным прававым партале. Пастанова таксама дазваляе крамам распрадаць рэшткі піва ў бутэльках ёмістасцю большай за 1,5 літра і пасля ўвядзення забароны. Але прадаваць гэтыя рэшткі яны змогуць толькі да заканчэння іх тэрміну прыдатнасці.
Дагэтуль, нагадаем, піва і слабаалкагольныя напоі нельга было прадаваць у палімернай тары ёмістасцю большай за 2 літры.