Вы тут

У Беларусі забаранілі прадаваць 15 відаў еўрапейскіх пральных парашкоў

У Беларусі забаранілі еўрапейскія пральныя парашкі / pixabay.com

Забарону на ўвоз і продаж некаторых еўрапейскіх пральных парашкоў, геляў, паст і таблетак увялі ў Беларусі. Гэта чэшскія, нямецкія і польскія мыйныя сродкі, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю. 

У КДК заяўляюць, што іх работнікі з Брэсцкай вобласці разам са спецыялістамі Дзяржстандарту правялі экспертызу 16 пазіцый імпартных мыйных сродкаў з дзвюх гандлёвых сетак. Кепскія вынікі паказалі нібыта 15 з узятых на пробу пазіцый. Яны, як кажуць у КДК, не адпавядаюць беларускім стандартам "па паказчыках пенаўтваральнай і мыйнай здольнасці".

У прыватнасці, для парашкоў паказчык мыйнай здольнасці вызначаны не ніжэй за 85%, для геляў — 60%.

Пад забарону трапілі, напрыклад, нямецкія гелі HERR KLEE C. G. COLOR, HERR KLEE C. G. UNIVERSAL. Экспертыза заяўляе, што іх мыйная здольнасць удвая ніжэй за норму, а пенаўтваральная здольнасць таксама не адпавядае стандарту.

"Мыйная здольнасць шасці найменняў чэшскіх, нямецкіх і польскіх парашкоў (ZICO universal, ZICO color, PUROX COLOR, ROBETA "Горная кветка“, WASCHEMEISTER UNIVERSAL, Alpix Color) склала 51,2−80,5%, а польскіх парашкоў Gaska UNIWERSALNY і Gaska DO KOLORU — усяго толькі 5% і 8% адпаведна", — гаворыцца ў паведамленні КДК.

У Беларусі рэгулярна забараняюць увоз і продаж некаторых тавараў. Праўда, звычайна гэтым займаецца Дзяржстандарт, а не Дзяржкантроль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.