У Беларусі з 1 красавіка знізяць стаўку рэфінансавання

У Беларусі з 1 красавіка знізяць стаўку рэфінансавання

Стаўка рэфінансавання з 1 красавіка будзе зніжана на 1 адсотак — да 24% гадавых, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка.

Гэтае рашэнне галоўны банк краіны патлумачыў дзеяннямі ў рамках "пазначанай задачы па зніжэнні памеру рызыка-прэміі ў кошце крэдытаў і з улікам аналізу наяўных рызык". Апошні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі змянялася 9 студзеня 2015 года. Тады яна павялічылася на 5%.

Цяпер адначасова зніжаецца і нарматыў фонду абавязковых рэзерваў на 0,5% — да 7,5%. У Нацбанку адзначаюць, што ў Беларусі будзе ўзмацняцца жорсткасць парадку фармавання банкамі рэзерву на пакрыццё магчымых страт па спецыяльных партфелях аднародных крэдытаў у выпадку, калі працэнтная стаўка па крэдытах, выдадзеных юрыдычным асобам у беларускіх рублях, перавышае ўсталяваны рэгулятарам ўзровень. З 1 красавіка памер гэтага ўзроўню зніжаецца з 1,2 да 1,1 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту овернайт. Гэта дазволіць зрабіць крэдыты больш даступнымі для юрыдычных асобаў: верхні ўзровень ставак па рублёвых крэдытах знізіцца з 36% да 33% гадавых.

Прэс-служба падкрэслівае, што ў першым паўгоддзі 2016 года Нацбанк працягне палітыку, накіраваную на зніжэнне памеру рызыка-прэміі ў кошце рублёвых крэдытаў.

Нацбанк са спасылкай на Белстат адзначае, што спажывецкія цэны ў лютым 2016 года выраслі на 12,8% у параўнанні з лютым 2015-га. Але іх павелічэнне адбылося пераважна ў выніку павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. А гэта, кажуць у Нацбанку не аказвае ўплыву на трэндавую інфляцыю.

Стрымліванне інфляцыі ў галоўным банку краіны называюць першачарговай задачай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2016 годзе. Плануецца, што сёлета гадавая інфляцыя складзе не больш за 12%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі