У Беларусі створаць базу дадзеных рэпрэсаваных

У Беларусі плануецца стварэнне базы дадзеных рэпрэсаваных у часы панавання Аляксандра Лукашэнкі. З такой ініцыятывай выступіў аргкамітэт па фарміраванні грамадскай камісіі рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. У яго склад увайшлі прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый, праваабаронцы, юрысты.

Юрыст Ігар Рынкевіч распавёў “Еўрарадыё” пра тое, дзеля чаго ствараецца база дадзеных рэпрэсаваных:

“Для таго, каб потым пры прыходзе да ўлады дэмакратычных сілаў, яны маглі мець права на перагляд спраў і рэабілітацыю”.

Паводле словаў Рынкевіча, кропкай адліку аргкамітэт прыняў рэферэндум 1996 года, пасля якога ў краіне змянілася сістэма ўлады і пашырыліся рэпрэсіі.

Аднак і збітыя ў красавіку 1995-га ў Вярхоўным Савеце дэпутаты Апазіцыі БНФ, і выгнаныя ў тым жа годзе з працы пасля страйку метрапалітэнаўцы змогуць патрапіць у базу. Больш таго, туды патрапяць нават ахвяры сталінскіх рэпрэсій, нерэабілітаваныя дагэтуль.

База дадзеных рэпрэсаваных будзе адкрытай. Ігар Рынкевіч гаворыць:

“Калі ўлада захоча кагосьці рэабілітаваць ужо зараз, аспрэчваючы, што яны не вартыя, каб туды ўносіцца (гіпатэтычна), дык калі ласка”.

Таксама будуць складзеныя спісы тых, хто здзяйсняў рэпрэсіі — міліцыянтаў, суддзяў, пракурораў, следчых. “Гэта будзе не “чорны”, а “шэры” спіс”, кажа Рынкевіч. Ён перакананы, што калісьці “гэтыя пытанні, у тым ліку і пытанні люстрацыі, будуць паўставаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі