У Беларусі стала больш на два палітвязні

У Беларусі стала больш на два палітвязні

Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек. Гэта Стэфан Лазавік, асуджаны 26 лістапада 2020 года Горацкім судом па абвінавачанні ў хуліганстве на 1 года пазбаўлення волі, і Віктар Лосік, якога вінавацяць у хуліганстве,а таксама апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці.

Лазавіка затрымалі 16 верасня па падазрэнні ў аўтарстве надпісаў “Он проиграл и стал убивать. Скот, уходи!” на прыпынку ў Горках. Пад ціскам следчых, як адзначае праваабарончы сайт "Вясна", мужчына прызнаў датычнасць да гэтых надпісаў. Але калі яму прапанавалі запісаць відэа з пакаяннем, Лазавік адмовіўся. Пасля гэтага пракуратура перакваліфікавала абвінавачванне на хуліганства. Лазавік быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбараў і актыўна ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах.

Лосіка затрымалі 7 снежня 2020 г. у пасёлку Хацежына Мінскага раёна. Яго вінавацяць у вывешванні на мосце пудзіла з фотаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання з надпісам “Не забудем, не простим!”. Таксама Лосіка вінавацяць у маляванні нацыянальнага герба “Пагоня” на збудаваннях і апорах моста. Ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА Жодзіна.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што дзеянні абодвух мужчын мелі на мэце выказванне пратэсту і нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Таму кваліфікаваць іх як хуліганства нельга.

"Нанясенне на апоры маста і іншыя збудаванні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня”, які афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю беларускага народа, не можа быць кваліфікавана як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу і адпаведна кваліфікавана па арт. 341 КК.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка, спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныхя рэпрэсіі ў краіне.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Простае таварыства "Ініцыятыва FORB", РГА "Прававая ініцыятыва”.

На сёння ў Беларусі налічваецца 226 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі