Вы тут

У Беларусі рыхтуюць закон супраць ЛГБТ-прапаганды? Правяраем, ці так гэта

Фота: euroradio.fm 

У Беларусі рыхтуецца законапраект супраць прапаганды “ЛГБТ-ідэалогіі”. Пра гэта на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” паведаміў ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей, які там жа размясціў  фотаздымкі некалькіх старонак магчымага дакумента. 

Дакумент нібыта прыслаў у Міністэрства адукацыі Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі. У ім — прапанова ўвесці крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за “распаўсюджванне інфармацыі, якая дыскрэдытуе інстытут сям'і і традыцыйныя шлюбна-сямейныя адносіны”, а таксама павялічыць “узрост згоды” “на мужаложніцтва” з 16 да 18 гадоў. 

Аўтары заяўляюць, што Беларусь знаходзіцца ў дэмаграфічнай крызе (шлюбы распадаюцца, зніжаецца нараджальнасць) і што асаблівую ролю ў гэтым адыграла менавіта ЛГБТ-супольнасць.

Сярод прыкладаў ЛГБТ-прапаганды называюцца “вясёлкавыя сімвалы ЛГБТ (шасціколерны сцяг і аднарогі) на цацках, адзенні, прадуктах харчавання...”.

У папулярызацыі “вычварэнняў” абвінавацілі некаторыя беларускія медыя: KYKY, TUT.by, The Village Беларусь і іншых.

У прэс-службе Міністэрства адукацыі Еўрарадыё паведамілі, што ўпершыню такое чуюць.  
 

Генпракуратура: былі шматлікія звароты

А вось у Генпракуратуры пацвердзілі, што вывучаюць гэтую тэму. "Шматлікія звароты паслужылі падставай для вывучэння сітуацыі, аналізу заканадаўства, яго эфектыўнасці”, — расказвае кіраўніца аддзела інфармацыі Анжаліка Курчак.

Колькі ж было тых зваротаў — дзясяткі, сотні, тысячы? Па словах прадстаўніцы Генпракуратуры, каля 20.

“Генпракуратура вывучала тыя абставіны, якія агучвалі заяўнікі ў сваіх зваротах. У прыватнасці, яны паведамлялі пра факты публікацый, інфармацыю ў сетцы Інтэрнэт і неабходнасць абароны дзяцей ад такой інфармацыі, якая робіць шкоду развіццю дзiцяцi", — кажа яна.

Па словах Анжалікі Курчак, гэтае пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.

"У Расіі ёсць такая адміністрацыйная адказнасць за прапаганду нетрадыцыйных сексуальных стасункаў менавіта сярод непаўналетніх. У нашым адміністрацыйным заканадаўстве такой адказнасці няма", — нагадвае яна.

Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры паведаміла, што пакуль рана гаварыць пра нейкую канкрэтыку:

"Часам пытанне ўзнікае, але ў ходзе абмеркавання мы разумеем, што няма неабходнасці мяняць дзейнае заканадаўства для рэгулявання тых ці іншых адносін. Таму сказаць адназначна, ці будуць унесены нейкія змены або не, пакуль нельга. На сённяшні дзень нейкіх выразных праектных нормаў няма".

Атрымаць каментарый ад Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі ў Еўрарадыё пакуль не атрымалася.