У Беларусі расстралялі 45-гадовага Рыгора Юзэпчука

Пра выкананне прысуду паведамляе праваабарончы сайт "Вясна" са спасылкай на Магілёўскі абласны суд.





Юзэпчук ​​забіў сакамерніка, які нібыта прайграў сваё жыццё ў даміно. Смяротны прысуд яму 25 красавіка 2013 года вынесла калегія магілёўскага абласнога суда па крымінальных справах. Справу разглядалі ў Магілёўскім СІЗА ў закрытым рэжыме. Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.





Па звестках праваабаронцаў, Юзэпчук быў судзімы сем разоў. Апошні тэрмін — 25 гадоў — ён ​​атрымаў за двайное забойства. Паводле інфармацыі Беларускай тэлевізіі, ён уступіў у інтымную сувязь жанчынай, а іх сабутэльніку гэта не спадабалася. "З рэўнасці" Юзэпчук закалоў ахвяраў нажом.





Праваабаронцы мяркуюць, што Юзэпчука ​маглі расстраляць разам з Паўлам Селюном. Пра яго расстрэл адвакату паведамілі 18 красавіка, хоць афіцыйнага пацверджання да гэтага часу няма.