У Беларусі правяраюць цеплавізарам пасажыраў з краін з новым каранавірусам

У Беларусі правяраюць цеплавізарам пасажыраў з краін з новым каранавірусам

У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" уведзены санітарна-каранцінны кантроль, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. 

Пасажыраў з краін, дзе распаўсюджваецца новы каранавірус, правяраюць з дапамогай цеплавізараў. Таксама беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, папярэджваюць праз тураператараў.

Успышка невядомай пнеўманіі была зафіксаваная ў кітайскім горадзе Ухань. На пачатку студзеня медыкі выявілі ўзбуджальнік хваробы — каранавірус 2019-nCoV. Крыніца інфекцыі дагэтуль не выяўленая. Паведамляецца толькі, што большасць выяўленых хворых наведвалі аптовы рынак морапрадуктаў ва Ухані.

На сёння пацверджаныя 222 выпадкі заражэння гэтым каранавірусам: 218 у Кітаі, два ў Таіландзе, па адным у Японіі і Паўднёвай Карэі. Афіцыйна паведамлялася пра чытыры смяротныя выпадкі (усе ва Ухані). 

Ва ўсіх краінах падарожнікаў з Кітая правяраюць надзвычай пільна. Дарэчы, напрыканцы студзеня адбудзецца святкаванне кітайскага Новага года. У сувязі з гэтым колькасць паездак у Кітай і з яго павялічыцца, што можа спрыяць пашырэнню інфекцыі. У Беларусі, нагадаем, вучыцца шмат кітайскіх студэнтаў. Таксама кітайскія рабочыя працуюць на шэрагу аб'ектаў — напрыклад, у індустрыяльным парку "Вялікі Камень". 

Пры паездках медыкі рэкамендуюць устрымацца ад наведвання месцаў з масавым зборам людзей, пазбягаць кантакту з тымі, у каго ёсць прыкметы прастуды, па магчымасці насіць маскі. Таксама неабходна рэгулярна мыць рукі і часова адмовіцца ад прыёму ў ежу недаваранага і недасмажанага мяса (ёсць меркаванне, што заражэнне магло адбыцца ад мяса марскіх альбо сухапутных сысуноў).

На 22 студзеня запланаванае экстранае пасяджэнне Надзвычайнага камітэта СААЗ, прысвечанае новай пнеўманіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі