Вы тут

У Беларусі працягнулі забарону на крэмы Nivea, машыны Skoda і маслы Liqui Moly

Крэм Nivea забаронена прадаваць у беларускіх крамах з-за "недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа"​ / pixabay.com

У Беларусі яшчэ на паўгода працягнулі забарону на ўвоз і продаж тавараў вытворчасці кампаній Liqui Moly, Skoda Auto і Beiersdorf (ёй належыць у тым ліку гандлёвая марка Nivea). Адпаведная пастанова ўрада з'явілася сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Прадукцыя гэтых кампаній будзе недаступная для беларускіх спажыўцоў да 4 лістапада 2022 года.

Рашэнне аб забароне на ўвоз у Беларусь аўтамабіляў Skoda, аўтамабільных маслаў Liqui Moly, а таксама ўсіх гандлёвых марак Beiersdorf беларускі ўрад прыняў у красавіку 2021 года. Гэты крок тады патлумачылі неабходнасцю абараніць нацыянальныя інтарэсы "з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа".

Усе тры кампаніі раней павінны былі спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Частку матчаў планавалася правесці ў Мінску. Але ўсе тры кампаніі на фоне жорсткага падаўлення паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі адмовіліся ад фінансавага ўдзелу ў турніры, калі ён пройдзе ў РБ. У Liqui Moly, у прыватнасці, гаварылі, што палітыка беларускага ўрада, "абыходжанне з дэманстрантамі і відавочныя парушэнні правоў чалавека глыбока супярэчаць перакананням і каштоўнасцям" кампаніі. У рэшце рэшт матчы чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску так і не сыгралі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.