Вы тут

У Беларусі пакуль не будуць скарачаць адпачынак па доглядзе за дзіцем

Фота: БЕЛТА

Беларускія ўлады пакуль не плануюць павялічваць дапамогу па доглядзе за дзецьмі да трох гадоў. Пра гэта заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, перадае tut.by.

Памеры дапамогі па доглядзе за дзіцем да трох гадоў прывязаныя да сярэднямесячнага заробку па краіне. На першае дзіця плацяць 35% ад сярэднямесячнага заробку (312,03 рубля на сёння). На другое і наступных дзяцей — 40% (356,60 рубля). Дапамога на дзіця-інваліда складае 45% ад сярэднямесячнага заробку (401,18 рубля). Памеры дапамогі змяняюцца двойчы ў год у залежнасці ад росту сярэдняга заробку — 1 лютага і 1 жніўня.

Прадстаўнік Мінпрацы падкрэсліў таксама, што скарачаць тэрмін адпачынку па доглядзе за дзіцем не плануецца, хаця ў мностве краінаў ён значна карацейшы, чым у Беларусі.

Ён прывёў прыклады. У Францыі пасля нараджэння першага дзіцяці даецца адпачынак у 1 год, а да трох гадоў — толькі пры нараджэнні другога і наступных дзяцей. У Балгарыі — да 2 гадоў, у Германіі — 10 месяцаў, у Італіі — 6 месяцаў. У Расіі і Эстоніі адпачынак па доглядзе за дзіцем даецца да трох гадоў, але аплочваюцца толькі 1,5 года і 62 тыдні адпаведна ў кожнай краіне. У Іспаніі таксама даецца трохгадовы адпачынак, але без аплаты.

У Беларусі ў адпачынак па доглядзе за дзіцем можа ісці адзін з бацькоў або іншы чалец сям'і, які будзе даглядаць дзiця да трохгадовага ўзросту. Пры гэтым на яго будзе налічвацца дапамога. Акрамя таго, у такім адпачынку можа знаходзіцца пастаянна адзін з бацькоў ці абодва па чарзе.