У Беларусі падрыхтавалі планы абароны Маларыты, Кобрына і Століна

У апошнія гады беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць ва ўзмацненні аховы мяжы з Украінай

У апошнія гады беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць ва ўзмацненні аховы мяжы з Украінай / БЕЛТА

У Беларусі падрыхтавалі планы абароны гарадоў на Палессі каля мяжы з Украінай. Пра гэта ў інтэрв'ю БЕЛТА заявіў начальнік вучэбна-метадычнага аддзела факультэта Генштаба Узброеных сіл Ваеннай акадэміі РБ палкоўнік Андрэй Багадзель. Паводле яго слоў, украінскі напрамак разглядаецца як асноўны, адкуль чакаецца магчымы прыход "дыверсійных груп". У Мінску лічаць, што ў іх складзе будуць беларускія добраахвотнікі, якія цяпер ваююць за Украіну.

Палкоўнік Багадзель кажа, што "вельмі вялікая небяспека" можа быць для такіх гарадоў, як Маларыта, Кобрын, Столін у Брэсцкай вобласці. Нібыта на іх "дыверсанты" могуць напасці найперш. І дадае, што "пагроза" ёсць для ўсіх гарадоў каля паўднёвай мяжы.

"На ўсе гэтыя населеныя пункты адпрацаваны планы абароны гэтых гарадоў, — працягвае Андрэй Багадзель. — Прычым яны міжведамасныя... Дакладна вызначаны кіраўнікі, зоны адказнасці, і ўжо адпрацоўваюцца вучэнні. Таму ў гэтых гарадах жыхарам няма пра што турбавацца".

Беларусаў працягваюць палохаць уяўнай пагрозай з поўдня. Яшчэ восенню 2022-га старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што ўзброеныя беларускія атрады збіраюцца ўвайсці ў Беларусь з боку Украіны, каб узяць пад кантроль адзін з раённых цэнтраў (ён згадаў якраз Маларыту), стварыць "плацдарм", каб пасля рухацца на Мінск. Падобныя заявы рэгулярна робіць і Аляксандр Лукашэнка. Ён усё чакае вяртання ўзброеных "БЧБэшнікаў", пра што гаварыў падчас нядаўняга наведвання Ашмянскага раёна.

Між тым, Украіна, якая ваюе з Расіяй, не збіраецца нападаць на Беларусь, актыўна будуе абарончыя ўмацаванні каля мяжы з РБ. З беларускага боку таксама ўмацоўваецца ахова мяжы. Летась будавалі Кобрынскі ўмацаваны раён.

У Беларусі падрыхтавалі планы абароны Маларыты, Кобрына і Століна
Аляксандру Лукашэнку паказалі, дзе мяжа з Украінай. Брэсцкая вобласць, 2023 год / president.gov.by

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі