Вы тут

У Беларусі пачынаецца вакцынацыя ад COVID-19, першымі прышчэпяць дактароў

Прышчэпка ад каранавіруснай інфекцыі / Reuters published by Euroradio

Толькі сёння, 16 студзеня, у Беларусі пачынаецца вакцынацыя ад COVID-19. Расійскі прэпарат "Sputnik V" нарэшце прайшоў кантроль якасці. Першымі вакцыну атрымаюць медыкі, якія ўваходзяць у групу рызыкі — працуюць з каранавіруснымі пацыентамі ў так званых "чырвоных зонах".

Перш за ўсё, плануецца прышчапіць 2285 медработнікаў Мінска, 3460 — з Брэсцкага рэгіёну, 3260 — з Віцебскага, 4365 — з Гомельскага, 1735 — з Гродзенскага, 1610 — з Магілёўскага і 2485 — з Мінскай вобласці. Каля 800 доз "Спутніка" атрымаюць медработнікі рэспубліканскіх устаноў.

Медыкі з розных установаў пацвердзілі Еўрарадыё, што на іх месцах працы былі складзеныя спісы тых, хто хоча прышчапіцца, а таксама тых, хто мусіць прышчапіцца ў абавязковым парадку. Да 16 студзеня прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі не рабіліся.

Тым часам у свеце вакцынацыя ад COVID-19 пачалася яшчэ перад Новым годам. Колькасць вакцынаваных ад каранавіруснай інфекцыі ўжо перавысіла 35 млн. У лідарах ЗША (12,28 млн чалавек), Кітай (10 млн) і Вялікабрытанія (3,68 млн).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.