У Беларусі могуць забараніць рэкламу гарэлкі пад выглядам вады

У закон аб рэкламе плануюць унесці змены, якія забароняць рэкламу вады з назвай, якая сугучная з назвай гарэлкі. Пра гэта ў адказ на пытанне Еўрарадыё распавяла Ірына Барышнікава, начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю над рэкламай Мінгандлю.

"На сённяшні дзень законам не забаронена рэкламаваць тавар, які выпускаецца пад тай жа гандлёвай маркай, як і алкагольныя напоі, калі там дакладна указана, што гэта вада. Гэтым актыўна пачалі карыстацца, і з'ява стала масавай. Таму заканадаўча давялося адгукнуцца на рэаліі жыцця, і мы падрыхтавалі праект закона аб ўнясенні зменаў у закон аб рэкламе, у якім будзе забароненая рэклама парасонных брэндаў".

Такім чынам, рэкламаваць алкагольны брэнд пад выглядам вады ці безалкагольнага віна будзе забаронена. Выключэнні плануюць зрабіць для шыльдаў з указаннем інфармацыі пра арганізацыю ці указальнікаў. Напрыклад, стэнды побач з прадпрыемствамі і указальнікі накірунку да гэтых прадпрыемстваў.

Таксама прапануецца выключэнне для інтэрв'ю з кіраўніком аб працы арганізацыі.

"Вы дарма кажаце, што вельмі шмат парушэнняў было ў гэтых інтэрв'ю. Часта дзяржаўныя СМІ да нас звяртаюцца па кансультацыю і мы гэтыя інтэрв'ю рэдагуем, каб не было парушэнняў. Многія прадпрыемствы горадаўтваральныя і не сказаць, як працуе такое прадпрыемства, проста нельга. Таму тут таксама будуць выключэнні".

Па словах Ірыны Барышнікавай парушэнні заканадаўства аб рэкламе былі. Напрыклад, рэклама вады па тэлебачанні пад песню Песняроў.

"Пад песню "Касіў Ясь канюшыну" нібыта рэкламавалася вада. Там быў накрыты стол. За такі стол з вадой проста не сядзеш. Мы звярнуліся да спецыялістаў, быў шэраг экспертыз і мы ў судзе адстаялі, што гэта схаваная рэклама алкагольных напояў, і рэкламу забаранілі".

Фота: news.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі