Вы тут

У Беларусі ліквідавалі прыродаахоўную арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Супрацоўнік "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Аляксей Шпак выпускае на волю кажаноў пасля зімовай спячкі, 2019 год / Еўрарадыё

У Беларусі ліквідавалі самую буйную прыродаахоўную арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Гэта здарылася 18 сакавіка — такое рашэнне прыняў суд, а ініцыятарам ліквідацыі аб'яднання стала Міністэрства юстыцыі.

Там палічылі, што "пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак АПБ ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць". Сярод іншых абвінавачанняў, з якімі Мінюст звярнуўся ў суд, — тое, што ў сваіх інфармацыйных матэрыялах арганізацыя публічна падтрымлівае пратэстную актыўнасць людзей, выкарыстоўваючы пры гэтым слоган "Птушкі з народам", і што супрацоўнікі аб'яднання прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 24.23.

"Ахова птушак Бацькаўшчыны" прапрацавала 24 гады. Каманда займалася асветай і папулярызацыяй экалагічнай тэмы, рэалізавала мноства праектаў па ахове прыроды.

У свой час Еўрарадыё назірала, як супрацоўнікі “Аховы птушак Бацькаўшчыны” выпускалі пасля зімовай спячкі кажаноў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.