У Барысаве загінуў салдат тэрміновай службы

У Барысаве загінуў салдат тэрміновай службы

Барысаўскі райаддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці салдата, які праходзіў тэрміновую службу з сёлетняга траўня ў ваенным гарадку Печы ў Барысаве, піша tut.by.

Інфармацыю пра смерць салдата журналістам пацвердзілі ў Міністэрстве абароны. Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Уладзімір Макараў не стаў паведамляць падрабязнасці, спаслаўшыся на этычныя прычыны. Таксама Макараў не паведаміў узрост салдата, а толькі дадаў, што здарэнне адбылося некалькі дзён таму.

Таццяна Беланог, афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці, паведаміла, што цела салдата знайшлі 3 кастрычніка ў сутарэнні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часці. "Падчас правядзення агляду месца здарэння прыкмет крымінальнага характару следствам не выяўлена. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасці асноўнай версіі суіцыд. Для вызначэння прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза", — пракаментавала яна.

Дарэчы, за апошнія паўгода гэта ўжо другі трагічны выпадак у Печах. 31 сакавіка загінуў 25-гадовы мінчанін Арцём Басцюк. Сям'я загінулага хлопца распавядала журналістам, што ў сына былі праблемы ў часці, ён скардзіўся на "дзедаўшчыну". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі