У Баранавічах судзяць 10 чалавек за крадзеж і гандаль зброяй

У Баранавічах судзяць 10 чалавек за крадзеж і гандаль зброяй

У судзе ў Баранавічах пачаўся працэс за крадзеж і гандаль зброяй. На лаве падсудных апынуліся 10 чалавек, перадае Радыё "Свабода". Гэта вайскоўцы, міліцыянт, цывільныя спецыялісты і беспрацоўныя. Следства па іх справе цягнулася амаль год. Зачытванне абвінавачання заняло дзве гадзіны.

Пра крадзяжы зброі і боепрыпасаў у адной з вайсковых часцей у Баранавічах стала вядома 6 жніўня 2018 года. Пазней факт крадзяжу пацвердзілі ў Мінабароны і Следчым камітэце. 8 жніўня 2018-га СК паведаміў пра затрыманне 14 чалавек. 

Агулам, адзначае Радыё "Свабода", былі затрыманыя 20 чалавек, некаторыя з іх — на тэрыторыі Расіі. 

Паводле звестак следства, усе крадзяжы зброі з вайсковай часці ў Баранавічах адбываліся ў 2017-м і 2018 гадах. Аднымі з асноўных фігурантаў працэсу з'яўляюцца Юрый Марчанка, які загадваў аддзелам матэрыяльнага забеспячэння вайсковай часці, і былы міліцыянт Баранавіцкага РУУС маёр Аляксандр Века. На іх долю прыпадае палова агучаных злачынных эпізодаў. 

Як адзначаюць следчыя, Века неаднаразова набываў у Марчанкі пісталеты Макарава і патроны да іх. Таксама ён купіў вінтоўку і дамовіўся на куплю аўтамата Калашнікава і 120 баявых патронаў да яго.

За кожны з пісталетаў Макарава Века плаціў ад 250 да 600 долараў. Зброю і боепрыпасы ён захоўваў дома і на лецішчы, перавозіў па Баранавічах і тэрыторыі Ляхавіцкага раёну на аўтамабілі. 

Таксама на лаве падсудных апынуліся былы загадчык склада вайсковай часці Дзмітрый Кульжык, некалькі беспрацоўных, былыя супрацоўнікі беларускага філіялу расійскай транспартнай кампаніі, былыя вайскоўцы. Паводле матэрыялаў справы, усе яны мелі дачыненне да незаконнага продажу, захоўвання і перамяшчэння зброі і выбуховых рэчываў.

Напрыклад, вайсковы тэхнік Максім Норыкаў захоўваў у сябе дома, а таксама на лецішчы выбуховыя рэчывы, у тым ліку баявыя гранаты і бяздымны порах. А яшчэ аскепкава-фугасны артылерыйскі снарад. Мяркуецца, што купіў ён боепрыпасы ў Марчанкі. 

Толькі захоўваннем зброі Норыкаў не абмяжоўваўся. "Быўшы ў стане алкагольнага ап’янення, у адзін з дзён траўня 2018 года незаконна перамясціў агнястрэльную зброю ў лясны масіў, дзе здзейсніў каля 20 стрэлаў", — гаворыцца ў матэрыялах следства.

Акрамя пісталетаў Макарава і патронаў да іх у матэрыялах справы фігуруюць некалькі аўтаматаў Калашнікава і выбуховыя рэчывы, у тым ліку баявыя гранаты розных сыстэм.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі