У апошні дзень чэрвеня ў Беларусі прагназуюць да +37

Спёка, ілюстрацыйнае фота

Спёка, ілюстрацыйнае фота / minsknews.by

30 чэрвеня ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.

Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па паўднёвым усходзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-заходні ўмераны.

Уначы тэрмометры пакажуць 17-23 градусы цяпла, удзень будзе ад +27 па поўначы да +37 градусаў па поўдні краіны. На большай частцы тэрыторыі сіноптыкі прагназуюць удзень 30-34 градусы вышэй за нуль. У сувязі з гэтым абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.

Такі ж узровень захаваецца і ў сераду, 1 ліпеня. У гэты дзень прагназуецца пераменная воблачнасць. Уначы будзе пераважна без ападкаў, зранку і ўдзень пераважна па заходняй палове Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень месцамі чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах па захадзе пройдуць моцныя дажджы. Вецер будзе пераменных напрамкаў умераны, удзень пры навальніцах — парывісты, у асобных раёнах — моцны парывісты.

Уначы тэмпература паветра складзе ад +12 па поўначы да +23 градусы па поўдні краіны. Удзень тэрмометры пакажуць 27-34 градусы вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе чакаецца да 36 градусаў цяпла.

Сіноптыкі адзначаюць, што на Дняпры каля гарадскога пасёлка Лоеў узровень вады апусціўся ніжэй за небяспечна нізкую адзнаку, пры якой узнікаюць цяжкасці ў працы рачнога транспарту. Каля Рэчыцы ўзровень вады ў Дняпры апусціцца ніжэй за гэтую адзнаку ў бліжэйшыя дні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.