У адказ на зварот блогера наконт “Пагоні” МУС расказаў пра дзяржаўны герб

У адказ на зварот блогера наконт “Пагоні” МУС расказаў пра дзяржаўны герб

Грамадскі актывіст Антон Матолька ў звароце да МУС прасіў патлумачыць міліцыянерам, што нацыянальная сімволіка не забароненая. Таксама блогер прасіў кіраўніцтва МУС распавесці ўсім сваім супрацоўнікам гісторыю нацыянальнай сімволікі Беларусі і давесці, што “нашэнне, публікацыя і выкарыстанне нацыянальнай сімволікі законамі не забароненае”. Адпаведна, што за гэта людзей міліцыянеры не павінны караць ці пераследаваць. 

У адказе з МУС Антону Матольку паведамілі, што сярод супрацоўнікаў усіх структур МУС праводзіцца “інфармацыйна-прапагандысцкая праца, забяспечваецца кантроль выканання патрабаванняў па выкарыстанні дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь”.

Матолька: “Я атрымаў набор літар без сэнсу – па факце я ніякага адказу не атрымаў. І зараз юрыст будзе вывучаць гэты адказ і вырашаць, куды і як мы будзем яго абскарджваць, куды накіроўваць – у Адміністрацыю ці ў Саўмін. Скардзіцца, што атрымалі адказ “не па справе”.

Праўда, Антон прызнае, што справа не столькі ў няўцямным адказе з МУС, а ў самой праблеме – немагчымасці спакойна выкарыстоўваць нацыянальныя сімвалы.

Матолька: “Пакуль праблема актуальная, я яе гатовы ўзнімаць хоць кожны дзень – хай толькі дадуць падставу. Як толькі міліцыянеры сваімі дзеяннямі пацвердзяць, што мы можам спакойны прыходзіць на футбольныя матчы і выкарыстоўваць любую сімволіку, на канцэртах без праблем узнімаць бел-чырвона-белы сцяг, тады гэта праблема будзе вырашаная. Пакуль такой магчымасці няма, я буду пісаць і патрабаваць — мне не складана”.

Шуневіч: Яшчэ раз паўтару — "Пагоня" на майцы не з’яўляецца парушэннем закона

Нагадаю, пасля пакарання футбольных заўзятараў за "Пагоню" на шаліках і скандалу з навучэнцамі кадэцкай вучэльні, што выклалі ў сацсетках сваё фота ў майках са старажытным беларускім гербам, блогер Антон Матолька звярнуўся з петыцыямі ў МУС, Мінкульт, Мінадукацыі, Мінгандлю і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ён прасіў перагледзець стаўленне ў МУС да заўзятараў, у Мінадукацыі — да гісторыі Беларусі, каб больш распавядалі вучням пра нацыянальную сімволіку і геральдыку, у Мінгадлю — каб не было негалоснай забароны на продаж рэчаў з нацыянальнай сімволікай, "Пагоняй" і бел-чырвона-белым сцягам, у Мінкульт — каб надалі сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адказы з усіх устаноў, куды быў накіраваны зварот, больш нагадваюць адпіскі, лічыць Матолька.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі