Шуневіч: Яшчэ раз паўтару — "Пагоня" на майцы не з’яўляецца парушэннем закона

Шуневіч: Яшчэ раз паўтару — "Пагоня" на майцы не з’яўляецца парушэннем закона

Блогер Антон Матолька 4 лістапада накіраваў зварот у Міністэрства ўнутраных спраў. Ён папрасіў міністра Ігара Шуневіча “правесці тлумачальную працу сярод усіх сваіх супрацоўнікаў і давесці, што нашэнне, публікацыя, выкарыстоўванне нацыянальнай сімволікі не забаронена, што не можа быць ніякага пераследу альбо пагроз з боку супрацоўнікаў МУС” з гэтай нагоды.

Каментуючы Еўрарадыё гэты зварот, кіраўнік МУС сцвярджае: менавіта на Пагоню ці бел-чырвона-белы сцяг яго падначаленыя і не рэагуюць.

Шуневіч: “Яшчэ раз паўтараю для вас персанальна: супрацоўнік унутраных спраў абавязаны рэагаваць на любое правапарушэнне, відавочцам якога ён з’яўляецца ці пра якое яму стала вядома. Правапарушэння! Я ўжо даваў вам каментар з гэтай нагоды, што нашэнне ці наяўнасць нейкага знака, які не забаронены законам, не з’яўляецца парушэннем закона. Таму, супрацоўнікі ўнутраных спраў не рэагуюць на гэтыя рэчы”.

Ён паабяцаў, што афіцыйны адказ на зварот Матолькі, пад якім падпісалася каля 600 чалавек, МУС абавязкова дасць бліжэйшым часам.

Нагадаю, пасля пакарання футбольных заўзятараў за "Пагоню" на шаліках і скандалу з навучэнцамі кадэцкай вучэльні, што выклалі ў сацсетках сваё фота ў майках са старажытным беларускім гербам, Антон Матолька звярнуўся з петыцыямі ў МУС, Мінкульт, Мінадукацыі, Мінгандлю і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ён папрасіў перагледзець стаўленне ў МУС да заўзятараў, у Мінадукацыі — да гісторыі Беларусі, каб больш распавядалі вучням пра нацыянальную сімволіку і геральдыку, у Мінгадлю — каб не было негалоснай забароны на продаж рэчаў з нацыянальнай сімволікай, "Пагоняй" і бел-чырвона-белым сцягам, у Мінкульт — каб надалі сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі