Вы тут

TUT.by: Карупцыянеры і п'яныя кіроўцы пад амністыю сёлета не трапяць

pixabay.com

Паводле запланаванай на 2019 год амністыі ўсім непаўналетнім скароцяць тэрміны зняволення на два гады або зусім вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Пра гэта піша партал TUT.by, які атрымаў праект закона "Аб амністыі". 

Нагадаем, што амністыю сёлета загадаў правесці Аляксандр Лукашэнка і прымеркаваць яе да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Цалкам ад крымінальнай адказнасці плануецца вызваліць наступныя катэгорыі асуджаных: 

непаўналетніх;
цяжарных;
жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў;
пенсіянераў;
інвалідаў I і II групы; асоб, хворых на актыўную форму туберкулёзу; асоб, хворых на анкалагiчныя захворваннi другой, трэцяй i чацвёртай клiнiчных груп; ВІЧ-інфікаваных з 3-й або 4-й стадыямі захворваннямі;
ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый;
асоб, якія атрымалі раненні (кантузii), калецтвы, захворваннi пры выкананнi абавязкаў у перыяд ваеннай службы ва Узброеных сілах СССР, КДБ СССР, Узброеных сілах РБ, іншых войсках і вайсковых фармаваннях, створаных у адпаведнасці з заканадаўствам РБ. А таксама асоб, якія атрымалі раненні (кантузii), калецтвы, захворваннi ў сувязi з ажыццяўленнем службовай дзейнасцi ў перыяд праходжання службы ў СК, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, органах унутраных спраў, фінансавых расследаванняў КДК, пракуратуры, МНС.

У дачыненні да такіх людзей могуць таксама спынiць папярэдняе расследаванне і крымiнальныя справы, якія яшчэ не разгледзеў суд.

Таксама ад пакарання будуць вызваленыя тыя, хто ўчыніў злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, а таксама менш цяжкае злачынства.

Ад адбыцця пакарання могуць вызваліць тых, хто адбыў не менш за адну траціну прызначанага тэрміну і быў асуджаны за наступныя злачынствы:

— крадзеж (акрамя арганізаванай групы);
— махлярства (акрамя арганізаванай групы);
— прысваенне альбо растрата (акрамя арганізаванай групы);
— крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі;
— незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць;
— ілжэпрадпрымальніцтве.

Часткова, тэрмінам на адзін год, ад пакарання будуць вызваленыя людзі асуджаныя да абмежавання ці пазбаўлення волі па "наркатычным" 328-м артыкуле. Напрыклад, пад амністыю трапяць тыя, хто атрымаў прысуды за незаконны абарот наркатычных сродкаў. Непаўналетнім скароцяць тэрміны на два гады.

Не трапяць пад амністыю наступныя катэгорыі: 

асуджаныя за:
забойства маці нованароджанага дзіцяці;
палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту;
распусныя дзеянні;
прымус да дзеянняў сексуальнага характару;
уцягванне ў занятак прастытуцыяй;
уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны;
незаконны абарот наркатычных сродкаў;
пасеў або вырошчванне забароненых да апрацоўкі раслін ці грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі;
прадастаўленне памяшканняў, арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў;
супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў;
гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы;
гвалт у дачыненні да суддзі ці народнага засядацеля;
уцёкі з папраўчай установы.

Таксама амністыя не закране рэцыдывістаў і людзе, асуджаных за цяжкое або асабліва цяжкое злачынства.

Не трапяць пад амністыю таксама наступныя людзі:

да каго ў 2014-2019 гадах ужо ўжывалі амністыю або памілаванне і хто зноў учыніў наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці;
хто не кампенсаваў прычыненую шкоду, не выплаціў даход, атрыманы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, беспадстаўна набытую выгаду, iншы даход, атрыманы злачынным шляхам;
хто злосна парушае устаноўлены парадак падчас адбывання пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці;
да тых, хто дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў ці прызнаных асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі;
каму смяротнае пакаранне ў парадку памілавання заменена на пазбаўленне волі або пажыццёвае зняволенне, а таксама да тых, каму пажыццёвае зняволенне заменена на пазбаўленне волі. 

Не змогуць разлічваць на амністыю і людзі, прысуджаныя да пажыццёвага пакарання.

Не будзе скарочаны тэрмін асуджаным за карупцыю і п'янае кіраванне аўтамабілем. Пад амністыю не трапяць людзі, асуджаныя за наступныя злачынствы:

падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны, акт тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы, акт міжнароднага тэрарызму;
забойства;
згвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту;
махлярства, легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй, бандытызм;
акт тэрарызму, фінансаванне, падрыхтоўка і садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці;
п'яныя ДТЗ з загінулымі і пацярпелымі, паўторная на працягу года "п'янка" за рулём;
незаконны абарот наркатычных сродкаў, пасеў або вырошчванне забароненых да апрацоўкі раслін ці грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі, скланенне да спажывання наркатычных сродкаў, прадастаўленне памяшканняў, арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў;
арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў;
здрада дзяржаве, шпіянаж, паклёп на прэзідэнта;
атрыманне бязвыплатнай замежнай дапамогі ў парушэнне заканадаўства, парушэнне парадку арганізацыі або правядзенне масавых мерапрыемстваў;
злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, бяздзейнасць службовай асобы, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці, атрыманне і дача хабару, пасярэдніцтва ў хабарніцтве, злоўжыванне ўладай.

Па падліках адваката Антона Гашынскага, пад амністыю могуць трапіць 10-12 тысяч чалавек. 

Законапраект павінен прайсці ўзгадненні ў розных ведамствах, потым яго разгледзіць Палата прадстаўнікоў, ухваліць Савет міністраў — і толькі пасля гэтага падпіша кіраўнік дзяржавы.