"ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" збіраюцца прызнаць "экстрэмісцкай арганізацыяй"

"ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" збіраюцца прызнаць у Беларусі "экстрэмісцкай арганізацыяй". А гэта азначае забарону дзейнасці кампаніі і яе ліквідацыю. Пра гэта піша ў Facebook адзін з заснавальнікаў Кірыл Валошын. Папярэдняе слуханне пройдзе 8 чэрвеня ў Эканамічным судзе Мінска ў закрытым рэжыме. У Валошына няма сумненняў, якое рашэнне ў выніку прымуць.

У пачатку 2022 года стала вядома, што "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" выключылі з Парка высокіх тэхналогій.

У траўні 2021-га супраць службовых асоб і журналістаў партала TUT.by распачалі крымінальную справу. Спачатку іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Тады ж "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" пазбавілі льготаў ПВТ. Сам партал быў знішчаны сілавікамі, якія канфіскавалі серверы. У жніўні мінулага года яго матэрыялы (а таксама сацсетак) прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Агулам па "справе TUT.by" вясной 2021 года былі затрыманыя 15 чалавек. Большасці з іх сёлета змянілі меру стрымання, а менеджарка праекта TAM.ВY, дырэктарка RocketData Дар'я Данілава была асуджана за "арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак..." і выйшла на волю, з'ехала за мяжу. За кратамі застаюцца былая гендырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, былая галоўная рэдактарка Марына Золатава, журналістка Алена Талкачова. Усе яны — палітзняволеныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.