Новая сустрэча міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы і кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова можа прайсці праз тыдзень-два, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на словы турэцкага міністра замежных спраў Меўлюта Чавушаглу. Турэцкі міністр адзначыў, што Анкара робіць для гэтага ўсе магчымыя намаганні. Турцыя ўжо накіравала прапановы ў Маскву і Кіеў.
"Абодва бакі сказалі, што хацелі б прыехаць, калі яны будуць гатовыя. Дакладную дату назваць не ўяўляецца магчымым. Сказалі, што сустрэча можа быць праз тыдзень-два", — сказаў Чавушаглу.
Расійска-ўкраінскія перамовы на ўзроўні дэлегацый пра ўмовы спынення вайны адновяцца 1 красавіка. Яны пройдуць у фармаце анлайн.
Лаўроў і Кулеба ўжо сустракаліся ў Турцыі 10 сакавіка, але тады дамовіцца ні пра што не змаглі. Кіраўнік украінскага МЗС заявіў, што "прыехаў на сустрэчу з гуманітарнай мэтай: арганізаваць гуманітарны калідор у і з Марыупаля", але Лаўроў "не быў гатовы ўзяць на сябе абавязацельствы". Не атрымалася, паводле слоў Кулебы, дамовіцца і пра спыненне агню на 24 гадзіны.
Лаўроў на гэта тады адказаў, што "тут ніхто не збіраўся дамаўляцца пра спыненне агню". Ён казаў, што ўсе расійскія прапановы і "паслядоўнасць крокаў, выкладзеная ў прапановах, добра вядомая ўкраінскаму боку".