Аб спыненні агню не дамовіліся, заявіў па выніках перамоваў у Турцыі міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба. 10 сакавіка ў Антальі ён паўтары гадзіны размаўляў з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым. Кулеба адзначыў, што Лаўроў не абяцаў ніякіх гуманітарных калідораў для эвакуацыі жыхароў Марыупаля, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Другой мэтай украінскага боку было перамір'е на 24 гадзіны.
"Спыненне агню Расія звязвае з выкананнем патрабаванняў Пуціна на адрас Украіны, — цытуе словы Дзмітра Кулебы УНІАН. — Украіна не здалася і не здасца".
Украінскі міністр заявіў, што гатовы зноў сустрэцца ў такім фармаце з Лаўровым. Пасярэднікам у перамовах была Турцыя. Па словах Кулебы, украінскі бок шукае дыпламатычныя рашэнні, але "пакуль іх няма". Украіна будзе працягваць адбіваць расійскую агрэсію.
Міністр замежных справаў Расіі пасля перамоваў з кіраўніком МЗС Украіны сказаў наступнае: "Мы не плануем нападаць на іншыя краіны. Мы і на Украіну... не нападалі". А між тым вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы людзей.