Трусаў: ТБМ да канца года выдасць па-беларуску Правілы дарожнага руху

111017 Trusau_site.mp3

Пра намер перакласці Правілы дарожнага руху і Крымінальны кодэкс выказваецца кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Еўрарадыё: Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які ўжо больш за два месяцы знаходзіцца ў турме і чакае суда, прапанаваў перакласці Крымінальны кодэкс на беларускую мову. Аб гэтым ён напісаў у лісце да свайго паплечніка Ўладзіміра Лабковіча. Скажыце, спадар Алег, як асабіста вы ставіцеся да такой ініцыятывы?
Алег Трусаў: Вельмі станоўча стаўлюся. Шкада толькі, што з гэтай ініцыятывай ён выступіў толькі тады, калі сам трапіў у турму. Можна было гэта зрабіць значна раней.
Еўрарадыё: А чаму нікому іншаму раней не прыйшла ў галаву гэта думка? Вядома, што Алесю Бяляцкаму, калі ён апынуўся у турме, розныя думкі прыходзяць, бо ён зараз ў цяжкім становішчы і толькі застаецца, што думаць...
Алег Трусаў: Таму што гэта велізарны аб'ём працы. Вось зараз Таварыства беларускай мовы перакладае і збіраецца да канца году выдаць Правілы дарожнага руху. Ў гэтай працы бяруць удзел вельмі многія людзі. Але ж Правілы — гэта значна меншая па аб'ёме праца, чым Крымінальны кодэкс. Крымінальны кодэкс каб правільна перакласці і выдаць — гэта вялізарная справа, цэлы інстытут павінен каля года працаваць!
Еўрарадыё: Гэта значыць, пакуль што няма каму перакладаць?
Алег Трусаў: Ёсць каму, але няма сацыяльнага заказу на такую працу. Невядома, хто за гэта заплаціць. Кадраў, дасведчаных перакладчыкаў, хапае ў Беларусі. Любыя пераклады, нават самыя складаныя, яны могуць зрабіць прафесійна, нават суперпрафесійна. Перакладчыкі ёсць. Трэба толькі заказчык — той, хто будзе аплачваць гэтую працу.
Еўрарадыё:А як вы лічыце, гэтая ініцыятыва Алеся Бяляцкага, яна будзе мець нейкі працяг у выглядзе замоваў, пачатку прац над перакладам КК?
Алег Трусаў: Я лічу, што праваабаронцы, той жа цэнтр “Вясна”, Хельсінскі камітэт, іншыя, павінны гэтую ініцыятыву падтрымаць, скласці план дзеянняў, знайсці спонсараў, пажадана ў Беларусі, а не за мяжой. А ТБМ дапаможа.
Еўрарадыё:А чаму Беларусь, якая ўжо больш за 20 гадоў з'яўляецца незалежнай дзяржавай, да гэтага часу не мае такіх важных дакументаў на роднай мове?
Алег Трусаў: Таму што не было сацыяльнай замовы на гэта. Большасць людзей была згодная з тым, каб іх судзілі на расейскай мове. Зараз, калі Бяляцкі трапіў за краты, калі іншыя беларускія апазіцыйныя дзеячы сталі трапляць за краты, такая патрэба ўзнікла. Мы, напрыклад, пяць гадоў вялі перапіску з уладамі, каб перакласці Правілы дарожнага руху. Але на гэтым справа і стала — дзяржава не адгукнулася на нашу ініцыятыву. Тады мы самі ўзяліся за гэтую справу, з уласнай ініцыятывы. Тое самае трэба зрабіць і апазіцыйным арганізацыям Беларусі — узяць ініцыятыву з перакладам Кодэксу ў свае рукі.
Еўрарадыё: Гэта значыць, што Беларусь хутка будзе мець Правілы дарожнага руху на роднай мове? Як вы збіраецеся гэта зрабіць?
Алег Трусаў: Мы возьмем існуючыя бланкі — на пошце, у пашпартным стале, у міліцыі і іншых дзяржаўных установах, і перакладзем іх на беларускую. І на гэтых бланках будзе ўнізе напісана, што згодна з артыкулам 18 адказ прадстаўнікі ўлады павінны даваць на дзяржаўнай мове. І тады на нашай мове загаворыць усё чынавенства. Закон прыняты і яго трэба будзе ім выконваць.
Еўрарадыё: А як можна будзе знайсці гэтыя бланкі і дзе?
Алег Трусаў: Зараз мы робім новы інтэрнэт-партал ТБМ, і калі зробім, тады (пасля Новага года) вернемся да гэтага пытання. І тады я вам раскажу і пра гэты партал, і пра ўсе яго старонкі — у тым ліку, дзе можна знайсці бланкі. Пакуль што мы працуем над гэтым. Я вельмі спадзяюся, што адразу пасля Новага года праца ўжо будзе скончаная.
Еўрарадыё:Спадзяюся, што справа з перакладам Крымінальнага кодэксу не будзе такой доўгай, як справа з перакладам Правілаў дарожнага руху. Што з'явіцца ён значна хутчэй...
Алег Трусаў: Гэта залежыць ад праваабарончых арганізацый. Мы можам толькі дапамагчы ў перакладах. Калі праваабаронцы возьмуць ініцыятыву ў свае рукі, калі пачнуць энергічна працаваць над ёй, справа хутка рушыць. А мы са свайго боку яе з задаваленнем падтрымаем...

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі