Вы тут

“Троіца” прадстаўляе lyric-відэа "Зіма з Летам" і анансуе прэзентацыю альбома

Фота Алёны Ходар

27 верасня легендарнае этна-трыа “Троіца” прадставіць сёмы па ліку паўнафарматнік “Цар-Агонь”. Анансуе падзею lyric-відэа на песню з кружэлкі "Зіма з Летам".

Лонгплэй складуць 10 трэкаў. Папярэдні дыск этна-трыа, “Зімачка” (2011), запісваўся на варшаўскай TR-Studios у намінанта на "Грэмі" Томаша Рагулы і гучаў як аркестр. Цяперашняя праца, зробленая на мінскай студыі Super 8, адрозніваецца камернасцю.

“Па гуку альбом хацелася зрабіць інтымным, каб у слухача было адчуванне, што мы граем для яго ў суседнім пакоі драўлянай вясковай хаты”, — кажуць музыкі. 

 У стварэнні кружэлкі ўзялі ўдзел і фаны, якія скінуліся грашыма праз краўдфандынг, за што гурт выказвае ім вялікую падзяку.

У сеціве альбом з’явіцца напрыканцы верасня на лэйбле SunWoofer. Паралельна дыск выйдзе на фізічных носьбітах у крамах кампаніі Vigma. Выпускаючым прадзюсарам “Цар-Агню” выступіў Яўген Калмыкоў (прадзюсар Еўрарадыё). На яго думку, беларускае культурнае асяродзе не да канца ўсведамляе каштоўнасць “Троіцы”:

“Часта за межамі краіны я чуў пахвальныя водгукі ад вялікіх музыкаў пра наша этна-трыа “Троіца”. Але на радзіме, на мой  погляд, гэты калектыў пазбаўлены заслужанай увагі. Стаўленне да “Троіцы” мне нагадвае помнік у мінскім Парку 50-годдзя Кастрычніка, аблеплены старой лістотай. А месца яго — на плошчы Незалежнасці замест Леніна”.

Канцэртная прэзентацыя новага альбома этна-трыа “Троіца” пройдзе 27 верасня ў Вялікай зале філармоніі.