Вы тут

Івану Кірчуку з "Троіцы" на адкрыцці Еўрагульняў прапаноўвалі бегчы з факелам

Іван Кірчук / euroradio.fm 

Цырымонія адкрыцця Еўрапійскіх гульняў у Мінску ўразіла нават самых недаверлівых скептыкаў. Усе чакалі чарговых “Дажынак”, але нам паўтары гадзіны распавядалі пра гісторыю Беларусі: ад заснавання Мінска да Васіля Быкава

У вобразе сівога старца-апавядальніка паўдзельнічаў у шоу і лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук. Хаця першапачаткова арганізатары цырымоніі адкрыцця прапанавалі яму зусім іншую ролю:

“Першае, што мне прапаноўвалі, гэта быць факеланосцам. На што я адказаў: як вы гэта бачыце? Бо я ж не спартсмен, у мяне не атлетычная фігура. Калі там трэба будзе прабегчыся — я запыхаюся. Як гэта будзе выглядаць? — распавядае Еўрарадыё Іван Іванавіч. — Я адмовіўся, чым здзівіў арганізатараў. Думалі, што пагаджуся. Можа, ім, наадварот, хацелася паглядзець на то, як барадаты мужык бяжыць з факелам”.

У выніку Кірчук з’явіўся ў цэнтры музычнай лабараторыі. Паводле рэжысёрскай задумы, ён распавядае восем легендаў. Кожная з іх мае сваё гучанне праз выкарыстанне розных музычных інструментаў. З 16 чэрвеня музыка рэпеціраваў цырымонію адкрыцця двойчы за дзень, часам вяртаючыся дадому а другой гадзіне ночы.

 

“Мне спадабаўся падыход, мне спадабаліся маскі, мне спадабаліся ідэі. А тое, што там мой строй быў з бліскаўкамі і ён камусьці не спадабаўся… Ведаеце, гэта ўсё было на стадыёне — і каб мяне ўвогуле пабачыць, дык трэба было мяне цалкам з гэтых бліскавак зрабіць”, — адказвае Кірчук нешматлікім хэйтарам. 

Этнограф прызнаецца, што змяніў бы сёе-тое ў сцэнарыі цырымоніі адкрыцця:

“Калі б гэта быў мой спектакль, дык я б 10 разоў зрабіў усё інакш, але тут я выконваў тое, што было прапісана ў сцэнарыі. Напрыклад, Купалле [абрад быў у гістарычным блоку. — Еўрарадыё] я зусім інакш бачу. Я шмат займаюся рэканструкцыяй абрадаў і святаў. Аднак тыя людзі, што рабілі відовішчнае шоу, магчыма, зыходзілі з таго, што гэта адбываецца на стадыёне”.

Цырымоніямі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску займаецца расійская кампанія ТАА "Арт Сіці-5" кампазітара і прадзюсара Ігара Крутога. Шоу абыдуцца ў 12 млн долараў. Усяго ж Еўрапейскія гульні каштавалі каля $265 млн — гэтую лічбу агучыў у Палаце прадстаўнікоў міністр эканомікі Максім Ермаловіч.

Еўрапейскія гульні — 2019 праходзяць у Мінску з 21 да 30 чэрвеня. У 15 відах спорту спаборнічаюць больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін.