“Батлейку” Івана Кірчука прададуць як канфіскат
![“Батлейку” Івана Кірчука прададуць як канфіскат](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/44249926_2138829363036379_6026519619496312832_n.jpg.webp?itok=j1J04sbE)
"Батлейку" Івана Кірчука, якую ў жніўні затрымалі на мяжы, будуць прадаваць праз сістэму продажу канфіскату. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук.
![“Батлейку” Івана Кірчука прададуць як канфіскат](/sites/default/files/paragraphs/image/4024710721125458223314001263791609997164544n.jpg)
У жніўні Еўрарадыё расказвала, што мытнікі спынілі на беларуска-польскай мяжы “Батлейку". Лялечны тэатр з 28 персанажамі — частка этнаграфічнай калекцыі, з якой этна-трыа “Троіца” вандравала па свеце з 1999 года. Экспанаты калекцыі былі дэкарацыямі на канцэртах і спектаклях этна-трыа.
Перавезці варшаўскую этнаграфічную калекцыю Кірчука разам з унікальнай “Батлейкай” у Беларусь узяўся генпрадзюсар Еўрарадыё Яўген Калмыкоў. Але на беларускай мяжы выявілася, што лялечны тэатр важыць 64 кг, а без мытнай пошліны ў Беларусь можна ўвезці толькі непадзельную рэч, якая важыць не больш за 35 кг.
Уся калекцыя важыла каля 300 кг. Адпаведна, трэба было заплаціць па 4 еўра за кожны кілаграм. Таму перавезці калекцыю каштавала б 1200 еўра.
У выніку Калмыкоў мусіў везці калекцыю назад у Польшчу, дзе ў Музеі беларускай этнаграфіі і фальклору ў польскай Гайнаўцы яна была пакінутая, — акрамя "Батлейкі", якую канфіскавалі на мяжы.
![“Батлейку” Івана Кірчука прададуць як канфіскат](/sites/default/files/paragraphs/image/img20180825215318_0.jpg)
Цяпер лёс “Батлейкі”, якая апынулася ў дзяржаўнай сістэме канфіскату, залежыць ад спрытнасці яе патэнцыйных пакупнікоў.