Вы тут

"Троіца" пераносіць прэзентацыю альбома, бо не паспявае скончыць яго запіс

Фота Алены Ходар

Этна-трыа "Троіца" пераносіць прэзентацыю свайго новага, сёмага па ліку альбома "Цар-Агонь". Прэм'ера лонгплэя мусіла адбыцца 11 траўня ў Вялікай зале Філармоніі. Але музыкі не паспяваюць давесці пласцінку да ладу.

"На жаль, звядзенне альбома зацягваецца. Адпаведна, мы не можам прэзентаваць тое, чаго няма", — прызнаецца лідар гурта Іван Кірчук. Дыск абяцаюць прадставіць у тым жа месцы, але ўжо ўвосень — 27 верасня.

Нядаўна "Троіца" прадставіла песню "Святая зямля" з новага альбома. Трэк прысвечаны 100-годдзю БНР

Праца над альбомам "Цар Агонь" ідзе на мінскай студыі Super 8. У стварэнні кружэлкі ўзялі ўдзел і фэны, якія скінуліся грашыма праз краўндфандынг. Гурт выказвае ім вялікую падзяку.

Лонгплэй складуць 10 трэкаў. Калі папярэдні дыск, “Зімачка” (2011), запісваўся на варшаўскай TR-Studios у намінанта на "Грэмі" Томаша Рагулы і гучаў як аркестр, дык цяперашняя праца адрозніваецца камернасцю.

“Па гуку альбом хацелася зрабіць інтымным, каб у слухача было адчуванне, што мы граем для яго ў суседнім пакоі драўлянай вясковай хаты”, — кажуць музыкі. 

 
Выпускаючым прадзюсарам “Цар-Агню” выступіў дырэктар па развіцці Еўрарадыё Яўген Калмыкоў. На яго думку, беларускае культурнае асяроддзе не да канца ўсведамляе цэннасць “Троіцы”:

“Часта за межамі краіны я чуў хвалебныя водгукі ад вялікіх музыкаў пра наша этна-трыа “Троіца”. Але на радзіме, на мой  погляд, гэты калектыў пазбаўлены заслужанай увагі. Стаўленне да “Троіцы” мне нагадвае помнік у мінскім парку 50-годдзя кастрычніка, аблеплены старой лістотай. А месца яго — на плошчы Незалежнасці замест Леніна”.

Такім чынам, канцэртная прэзентацыя новага альбома этна-трыа “Троіца” пройдзе 27 верасня ў Вялікай зале філармоніі. Квіткі, набытыя на канцэрт 11 траўня, будуць сапраўдныя і для восеньскага канцэрта.