Трамп заявіў, што ЗША будуць блакаваць Армузскі праліў

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп / AFP, MANDEL NGAN

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Ваенна-марскія сілы ЗША неадкладна пачнуць блакаваць Армузскі праліў. Гэта найважнейшы суднаходны маршрут, праз які праходзіць прыкладна пятая частка сусветных паставак нафты і газу.

Трамп зрабіў гэтыя заявы ў публікацыі на сайце Truth Social праз некалькі гадзін пасля таго, як мірныя перамовы паміж ЗША і Іранам завяршыліся без заключэння пагаднення.

Раней праліў быў заблакаваны не праз Трампа, а праз вайну. Трамп сцвярджае, што дамоўленасці аб адкрыцці праліва ўжо амаль удалося дасягнуць, але пасля іранскі бок заявіў, што "дзе-нідзе можа быць міна". Амерыканскі прэзідэнт робіць выснову, што ніводнае судна не можа прайсці ў воды праліва, не заплаціўшы даніну Ірану. Ён заяўляе, што ЗША будуць перахопліваць усе судны ў міжнародных водах, каб выявіць тых, хто заплаціў гэтую "даніну".

Іранскія чыноўнікі заявілі The New York Times, што Тэгеран плануе адкрыць Армузскі праліў толькі пасля мірнага пагаднення з ЗША.

Пагаднення намагаліся дасягнуць падчас сустрэчы амерыканскай і іранскай дэлегацый у Пакістане, якая завяршылася сёння. Перамовы доўжыліся больш за 21 гадзіну. Каментуючы сустрэчу, Трамп сказаў, што яна "прайшла добра, па большасці пунктаў былі дасягнуты дамоўленасці". Тым не менш бакі не змаглі прыйсці да пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Іранскі бок заявіў, што амерыканскім калегам не ўдалося заваяваць іх давер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.