Трактар Беларус усталюе сусветны рэкорд па хуткасці — больш за 100 км/г

Такія амбіцыйныя планы маюць мадэрнізатары нашага трактара – расійская машынабудаўнічая кампанія Бізон
На базе 25-гадовага “Беларуса” кампанія стварыла супертрактар. Зараз айчынную машыну не пазнаць – экстрэмальны знешні выгляд і цалкам змененая унутранае начынне. Машыну давялося перарабіць амаль цалкам. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар “Бізону” Віктар Дзімідаў.

Віктар Дзімідаў: “Змены датычылі рухавіка, трансмісіі, паліўнага абсталявання — карацей, цалкам быў разабраны”.

Пры гэтым, па словах прэс-сакратара, аніякіх дарагіх дэталяў на трактар не ўсталёўвалі. Выкарыстоўваліся толькі “родныя” дэталі з тэхнічнымі мадыфікацыямі.

Віктар Дзімідаў: “Усе дэталі, гэта “родныя” беларусаўскія дэталі. Проста над імі папрацавалі, скажам так. Рухавік беларусаўскі, трансміссія беларусаўская, рама беларусаўская – усё ад “Беларуса”

На сёлетніх штогадовых спаборніцтвах  “Бізон-Трэк-Шоў” на трасе з грунтавым пакрыццём трактар ужо перасягнуў мяжу 90 кіламетраў на гадзіну. І ў гэтым жа годзе стваральнікі супермашыны плануюць разагнаць яе больш як да 100 км/г.
 
Віктар Дзімідаў:
“Мы яго спрабавалі на гонках гэтага году ў траўні і там ён паказаў хуткасць каля 90 км/г. Хочам яшчэ правесці ўласныя выпрабаванні, але гэта павінна быць больш за 100 км/г”.

Варта адзначыць, што папярэдні рэкорд трактарных гонак быў 68 км/г. Звычайна ж трактар у працоўным рэжыме можа ехаць каля 35 км/г.

Ці можа мадэрнізацыя беларускага трактару прынесці практычную гаспадарчую карысць пакуль невядома, але стваральнікі трактара-баліда спадзяюцца, што іх мадыфікацыі і вынаходніцтвы ўдасца выкарыстаць у прамысловым машынабудаванні.

Віктар Дзімідаў:
“Мы спадзяемся, што ў нас атрымаецца штосьці тут зрабіць, што пасля можна будзе выкарыстаць у машынабудаванні”.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі