Вы тут

Топ-10 кніг, якія варта чытаць дзецям па-беларуску

Сяргей Календа "Балтыйскія шкарпэткі" / ulej.by

Апошнім часам беларускія выдавецтвы сталі актыўна выдаваць і перакладаць дзіцячыя кніжкі. Магчыма, іх штурхае да гэтага з'яўленне ў Беларусі спецыялізаванай прэміі па дзіцячай літаратуры імя Цёткі. Ці ўсё было наадварот, і якраз выданне дзіцячых кніжак у вялікай колькасці запатрабавала асобнай прэміі для дзіцячай літаратуры. 

У любым выпадку цяпер у Беларусі існуе асобная прэмія для дзіцячай літаратуры імя Цёткі і асобная намінацыя па дзіцячай літаратуры ў прэміі для перакладчыкаў імя Шэрмана. Еўрарадыё сабрала суб’ектыўны топ дзіцячых кніг, якія варта чытаць дзецям па-беларуску.

Ульф Старк "Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас"

Кніга выйшла ў 2019 годзе ў перакладзе Алесі Башарымавай у выдавецтве Koska. Грошы для яе выдання паспяхова сабралі краўдфандынгам. Ранейшыя кнігі Ульфа Старка былі перакладзеныя на многія мовы, а гэтая пакуль толькі на нарвежскую, дацкую і беларускую. Наш пераклад гэтай кнігі — першы на постсавецкай прасторы.

Перакладчыца Алеся Башарымава была ў эфіры Еўрарадыё, дзе расказвала, чым адметная гэта кніга. Што гэта за такія звяры Эскалоп, Кракавяк, Качэўлік? Дзе яны жывуць? Чым яны жывуць і як глядзяць на гэты свет? І ці нагадваюць у чымсьці нас саміх?

Вера Бурлак “Фантазюркі”

“Што спяваюць розныя машыны? Адкуль бяруцца і куды знікаюць зачараваныя домікі? Якія падзеі разгортваюцца ў лужынах?” — пішуць у анатацыі да кнігі. Яна была выдадзена ў 2018 годзе ў “Галіяфах”. Грошы на выданне былі сабраныя праз краўдфандынг. “Фантазюркі” — пераможца прэміі Цёткі за найлепшую дзіцячую кнігу ў 2018 годзе.

“Вершы лёгка запамінаюцца (“Лужына, лужына, дрэвамі абкружана”), яны часта падобныя да гульні. Але гуллівасць зусім не значыць прымітыўнасць. Наадварот, гэтую кнігу можна назваць “філасофіяй для самых маленькіх”, — так ацаніла кнігу пісьменніца Людміла Рублеўская.

Свэн Нурдквіст. Серыя кніг пра Пэтсана і Фіндуса

Серыя пра Пэтсана і Фіндуса расказвае пра жыццё ўжо немаладога мужчыны Пэтсана і яго яшчэ маладога ката Фіндуса. Выходзіць у выдавецтве “Кнігазбор” у перакладзе Надзеі Кандрусевіч. У кнігах гаворка вядзецца пра розныя жыццёвыя сітуацыі, у якія трапляюць Пэтсан і Фіндус.

Пэтсан жыве ў хаце на краі маленькай шведскай вёсачкі, у глыбінцы. Ён надзейны сябар і заўсёды тут як тут, калі Фіндус трапляе ў бяду. Фіндус — малады, вясёлы,  няўрымслівы і шалапутны — сапраўдны антыпод Пэтсана! Кот умее размаўляць, аднак хавае гэта ад усіх людзей, акрамя свайго гаспадара.

Стыян Холе. “Лета Гармана”

Знакаміты нарвежскі пісьменнік і ілюстратар Стыян Холе напісаў кнігу пра хлопчыка Гармана, які вось-вось пойдзе ў першы клас. Кніга выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве “Янушкевіч” у перакладе Юліі Цімафеевай.

Гэта апошнія летнія дзянёчкі свабоды хлопчыка Гармана. Ён збянтэжаны і разгублены. А тут яшчэ і пажылыя цётачкі, якія кожнае лета прыязджаюць з “чужога часу” і прывозяць з сабою “раматус, артрыт і міндальны пірог”. Гарман разглядае цётчыны зубныя пратэзы і распытвае цётачак пра смерць, час і страхі, якія хаваюцца ўнутры кожнага з нас.

Юя Вісландэр і Свэн Нурдквіст. Серыя кніг пра Маму Му

Серыя кніг расказвае пра прыгоды Мамы Му і яе сябра Крумкача. Ілюстрацыі да кніг пра яе робіць Свэн Нурдквіст, аўтар “Пэтсана і Фіндуса”. Кнігі выходзяць у выдавецтве Koska. Гэта маленькае незалежнае выдавецтва, заснаванае ў 2018 годзе, яно займаецца выданнем шведскіх кніг для дзяцей і падлеткаў па-беларуску.

Ганна Янкута. “Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў”

Кніга Ганны Янкуты з ілюстрацыямі Ліліі Давыдоўскай. Падзеі адбываюцца ў сучасным Мінску. Кніга выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве “Янушкевіч”.

“Аднойчы кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў Парку Чалюскінцаў і завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб'ямі, мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі”, — расказвае анатацыя.

Юя Вісландэр і Лота Гефенблад. “Ёрдзіс”

Шведская дзіцячая пісьменніца Юя Вісландэр успамінае ў кнізе пра сваё дзяцінства ў 50-х гадах у Швецыі. Дзяўчынка Ёрдзіс жыве ў раёне Стакгольма Хагалундзе разам з мамай, татам, сястрой і бабуляй. Дзяўчынка расказвае нам пра розныя цікавыя здарэнні са свайго жыцця. Кніга выйшла ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч і была выдадзена ў выдавецтве Koska у 2018 годзе.

Надзея Ясмінска. “Сем ружаў”

Гэта першая беларускамоўная кніга пісьменніцы Надзеі Ясмінскай. І за гэтую кнігу яна адразу атрымала прэмію Цёткі ў 2016 годзе. “Сем ружаў” была прызнаная найлепшай беларускай кнігай для дзяцей і падлеткаў і кнігай з найлепшым мастацкім афармленнем. Выдадзеная яна была ў 2015 годзе ў выдавецтве “Галіяфы”. 

Сем ружаў. Сем дзяўчынак. Сем чароўных гісторый пра каханне і сяброўства, адвагу, незвычайныя прыгоды і сапраўдныя цуды. 

Эрых Кэстнэр. “Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты”

Нямецкі бестселер выйшаў у 2018 годзе ў выдавецтве “Тэхналогія”. Перакладала яго з нямецкай Галіна Скакун.

Сюжэт: сёстры-блізняты Луіза і Лота пазнаёміліся на вакацыях, зразумелі, што ў іх адны і тыя ж мама і тата і, вяртаючыся дадому, памяняліся месцамі. Тут і пачаліся іх прыгоды, смешныя і сумныя — дзяўчынкам так хацелася, каб і бацькі, і яны самі заўсёды былі разам! Ці можна зноў пажаніць бацькоў, якія развяліся гадоў дзесяць таму, падзялілі дзяцей і жывуць у розных гарадах?

Сяргей Календа. “Балтыйскія шкарпэткі”

Новая кніга пладавітага беларускага пісьменніка Сяргея Календы. Гэтым разам дзіцячая — “Балтыйскія шкарпэткі”. Кніга пакуль яшчэ не выдадзеная, Сяргей толькі сабраў грошы краўдфандынгам.

“Балтыйскія шкарпэткі” — гэта дзесяць гісторый, у якіх персанажы аказваюцца не тымі, кім здаваліся на самым пачатку. Вочы сябра, каханай або сваяка ўспыхваюць іншасветным агнём, і бывае, што толькі смешныя лялькі ці шкарпэткі ратуюць герояў з пашчы вусцішы.

“Crossover fiction, ці kidult-гісторыі, у нашым стагоддзі робяцца ўсё больш папулярнымі, вяртаецца мода на жахі, трылеры і вусціш — гэта кранае, трымае дзіцячую ўвагу да канца, да апошняй старонкі. Дастаткова згадаць Братоў Грым без цэнзуры: набіты камянямі ды зашыты страўнік Шэрага Воўка — ці гісторыі Шарля Пэро, дзе Малое Пальчанё падманам прымушае велікана з’есці сваіх дзяцей, ці той жа Курдупель Цахес, са сваімі далёка не дзіцячымі жаданнямі”, — піша Сяргей у апісанні праекта.