Таямніца: чаму пасылкі ў Беларусь ідуць па 40-50 дзён

Гісторыя пачалася на пачатку верасня, калі калега з Кіева просіць даслаць падручнік па гісторыі Беларусі. У адказ абяцае парадаваць чымсьці цікавым аб Украіне. Патрэбную кнігу шукаю некалькі дзён, высылаю, у Кіеве яна роўна праз два тыдні. Адказ чакаю… 47 дзён!

На гарачай лініі “Белпошты” такім тэрмінам дастаўкі здзіўляюцца. Гавораць, што звычайная нетэрміновая пасылка ў Кіеў з Мінска ідзе два тыдні.

“Два тыдні звычайна пасылка ідзе. У сярэднім. Можна і хутчэй, паскоранай поштай. Тады да Кіева пасылка будзе ісці 4-5 дзён”.

І раяць тэлефанаваць у Кіеў. Магчыма, гэта нешта ўкраінскія калегі намудравалі. У паўднёвых суседзяў рэпутацыя, вядома, не такая, як у “Пошты Расіі”. Але тэлефаную. У даведцы “Укрпошты” мае словы пра 47 дзён дастаўкі ўспрымаюць амаль як абразу, крыўдзяцца і гавораць, што ў Мінск усё дастаўляюць за 10 дзён. Хоць пэўных тэрмінаў правілы “Укрпошты” не прадугледжваюць. А яшчэ раяць запытацца пра затрымку ў сваім паштовым аддзяленні.

“Каб атрымаць гэтую інфармацыю, трэба звярнуцца да сябе на пошту і напісаць заяву. Там павінны даць адказ, дзе пасылка затрымалася і чаму”, — гаворыць пакрыўджаная мной супрацоўніца ўкраінскай паштовай службы і кладзе слухаўку.

Як высвятляецца, украінку я пакрыўдзіў незаслужана. У аддзяленні “Белпошты” на сталічнай вуліцы Кірава, 33 мне тлумачаць: прычынай такога доўгага чакання кнігі з Кіева сталі… кітайцы! Аказваецца, апошнім часам Беларусь проста заваленая пасылкамі з Паднябеснай і мытня проста не спраўляецца з бясконцым патокам пакункаў з кітайскіх інтэрнэт-крамаў.

“На мытні зараз чарга на паўтара-два месяцы. Кітай закідаў нас дробнымі пасылкамі і на мытны дагляд іх прыходзіць па 50-60 тысяч штук у дзень. А мытня можа прапусціць толькі 5-8 тысяч”, — гавораць мне ў паштовым аддзяленні.

А яшчэ супрацоўнікі “Белпошты” раяць карыстацца іх сайтам для таго, каб з дакладнасцю да дня адсочваць падарожжы сваіх пасылак. Для гэтага дастаткова толькі ўпісаць нумар пакунка ў патрэбным месцы на сайце belpost.by. Праўда, на хуткасць перамяшчэння пасылак гэты цікавы сэрвіс пакуль не ўплывае.

Фота abali.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі