Тавары для рэжыму Лукашэнкі пастаўляе кампанія, якая мае duty free у аэрапортах Літвы

Бязмытная крама Gebr. Heinemann, ілюстрацыйнае фота

Бязмытная крама Gebr. Heinemann, ілюстрацыйнае фота / gebr-heinemann.com

Нямецкая фірма Gebr. Heinemann, якая валодае крамамі бяспошліннага гандлю (duty free) у Віленскім і Ковенскім аэрапортах, працягвае пастаўляць тавары і мінскаму аэрапорту, а таксама крамам duty free, якія знаходзяцца пад кантролем рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў журналісцкім расследаванні LRT і Laisvės TV.

Два гады таму кампанія Travel Retail Vilnius, якая належыць нямецкай карпарацыі, выйграла конкурс на пастаўку паслуг duty free ў літоўскіх аэрапортах. Паводле расійскай мытні, у 2024 годзе гэтая кампанія прывезла ў Расію тавары раскошы на суму 9,5 млн еўра, а ў 2023-м — на 35 млн еўра.

Як выявілі расследвальнікі, крыху больш за месяц таму Gebr. Heinemann праз Літву не раз везла тавары раскошы на склад мінскага аэрапорта.

У кампаніі журналістам заявілі, што для Мінска яны працуюць толькі як перавозчык — у адпаведнасці з дамовамі. "Ва ўсіх краінах, дзе мы працуем, мы выконваем законы, гарантуем поўнае выкананне міжнародных законаў і ўсіх санкцый", — падкрэсліваецца ў адказе Gebr. Heinemann.

Мытныя накладныя, якія атрымалі LRT і Laisvės TV, паказваюць, што Gebr. Heinemann дастаўляла ў Беларусь тавары раскошы для фірмы Helena Valery. Гэтая кампанія кіруе сеткай Helena Valery Belamarket і падначальваецца кампаніі "Дыпмаркет". У сваю чаргу "Дыпмаркет" належыць фірме "Дыпсервіс", якой кіруе Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.

Разам з "Дыпмаркет" крамамі бяспошліннага гандлю ў Беларусі кіруе літоўская кампанія Mello trading.

З ініцыятывы кіраўніцтва літоўскіх аэрапортаў урадавая камісія Літвы па нацбяспецы правярала кампанію Travel Retail Vilnius і вырашыла, што тая адпавядае інтарэсам бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.