Сын Абельскай пабудуе фармацэўтычны комплекс за 10 мільёнаў долараў

Дзмітрый Абельскі (крайні злева) і Алег Пазняк (крайні справа) на адкрыцці клінікі Voka ў Гродне

Дзмітрый Абельскі (крайні злева) і Алег Пазняк (крайні справа) на адкрыцці клінікі Voka ў Гродне / grodnoplustv.by

Фармацэўтычны завод па выпуску кропляў для вачэй плануе пабудаваць у Беларусі ЗАТ "ФармаСайнс".

Кампанія была зарэгістраваная ў снежні 2024 года. Як высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро", яна звязаная з сям'ёй Лукашэнкі.

"ФармаСайнс" мае чатырох бенефіцыяраў. Першы — Дзмітрый Абельскі, старэйшы сын сенатаркі і кіраўніцы лечкамісіі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірыны Абельскай. Яна ж з'яўляецца маці Мікалая — малодшага сына Лукашэнкі.

Другі бенефіцыяр — Алег Пазняк. Ён сузаснавальнік і намеснік дырэктара сеткі афтальмалагічных клінік Voka ў Беларусі. Менавіта ў гэтай сетцы з 2018 года Дзмітрый Абельскі працуе лекарам-афтальмолагам.

Яшчэ два бенефіцыяры "ФармаСайнс" — Андрэй і Валерый Ярамчукі. Абодва працуюць у прыватнай кампаніі "Фармтэхналогія", якая займаецца вытворчасцю лекаў. Іх бацька Аляксандр Ярамчук валодае мажарытарнай доляй у "Фармтэхналогіі" — 55,1%.

Новы завод плануецца пабудаваць у спецыяльнай эканамічнай зоне "Вялікі Камень". Завяршэнне будаўніцтва прадпрыемства і выхад яго на поўную магутнасць у 10 мільёнаў упаковак за год запланаваныя да 2027-2028 гадоў.

Агульны кошт праекта ацэньваецца ў 10 мільёнаў долараў. Фінансаваць будаўніцтва завода хочуць за кошт банкаўскіх крэдытаў, уласных сродкаў, пазык і інвестыцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.