Сяржанта з Печаў судзяць за 13 кубачкаў "Нэскафэ" і адабраныя мабільнікі

Сяржанта з Печаў судзяць за 13 кубачкаў "Нэскафэ" і адабраныя мабільнікі

У Барысаве пачаўся суд над 22-гадовым сяржантам з Печаў Арцёмам Берднікам. Хлопца судзяць за дзедаўшчыну. За "перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам" у вайсковай часці яму пагражае да 10 гадоў зняволення, піша ex-press.by

Паведамляецца, што суд над Берднікам не мае дачынення да гучнай справы загінулага Аляксандра Коржыча. Аднак ён служыў у вайсковай часці №43064, размешчанай у Печах, і быў там камандзірам аддзялення. Яго справа "ўсплыла" пасля праверак у войску, выкліканых смерцю Коржыча.

Не выключана, што Берднік — адзін з сяржантаў, якія фігуруюць у "справе Коржыча". Яго прозвішча ў размове з Еўрарадыё згадвала мама загінулага радавога, пералічаючы тых, хто праходзіць па гэтай справе. 

16 ліпеня 2017 года сяржант заспеў шарагоўца з мабільнікам. Замест таго, каб паведаміць камандзіру, Берднік забраў тэлефон сабе. Пазней начальства заўважыла мабільнік у сяржанта і канфіскавала, а сам Берднік правёў за гэты тэлефон 10 сутак на гаўптвахце.

У верасні Берднік забраў мабільнік у яшчэ аднаго шарагоўца. Праўда, у кастрычніку вярнуў яго салдату. Потым забраў мабільнік, які быў у салдатаў адзін на дваіх, і ігнараваў іх просьбы вярнуць тэлефон. 14 кастрычніка ў медцэнтры адзін пацярпелы ўсё ж вярнуў сабе мабільнік, калі сяржант не бачыў. Тады Берднік забраў тэлефон сілай.

На судзе Берднік сваю віну не прызнаў і заявіў, што шарагоўцы самі прыносілі яму каву і цыгарэты. Калі зайшла гаворка пра мабільнікі, сяржант заявіў: "Я разумею, што парушыў статут, але ж гэта не крымінальнае злачынства!" Па яго словах, салдаты аддавалі яму тэлефоны добраахвотна. Берднік тэлефанаваў з іх нумароў дзяўчыне, маме з бабуляй. Часам выходзіў у інтэрнэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі