Сяргей Далідовіч у выніках сочынскай Алімпіяды-2014 падняўся на 4-е месца

Сяргей Далідовіч у выніках сочынскай Алімпіяды-2014 падняўся на 4-е месца

Пасля дыскваліфікацыі расійскага лыжніка Аляксандра Лягкова беларус Сяргей Далідовіч падняўся на 4-е месца ў пратаколе гонкі на 50 км з масавым стартам на зімовай Алімпіядзе-2014 у Сочы. Лягкоў гэтую гонку выйграў — але Дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта пад кіраўніцтвам Дэніса Освальда пазбавіла яго медаля.

Разам з Лягковым за парушэнне антыдопінгавых правілаў пакаралі Яўгена Бялова, які, хаця і абвінавачваецца ва ўжыванні забароненых прэпаратаў, на п'едэстал у Сочы не трапіў. Вынікі абодвух атлетаў на Алімпіядзе-2014 ануляваныя. 

Сяргей Далідовіч у выніках сочынскай Алімпіяды-2014 падняўся на 4-е месца
Фота: www.sports.ru

Адначасова з залатым медалём за перамогу ў гонцы на 50 км, Расія пазбаўляецца срэбранай узнагароды ў эстафеце 4х10 км. Медалі мусяць вярнуць у МАК яшчэ трое лыжнікаў, які беглі ў адной камандзе з Лягковым. 

Але разгляд справы расійскіх лыжнікаў на гэтым не завершаны. Па-першае, цягам 21 дня яны маюць права апеляваць у міжнародны спартовы арбітраж у Лазане. Па-другое, Дысцыплінарная камісія вывучае кейсы іншых спартоўцаў: Аляксея Петухова, Яўгеніі Шапавалавай, Юліі Івановай і Максіма Вылегжаніна. Калі апошняга таксама дыскваліфікуюць (а гэта вельмі верагодна), Сяргей Далідовіч неспадзявана — амаль праз чатыры гады пасля старта — прынясе Беларусі яшчэ адзін, бронзавы медаль алімпіяды ў Сочы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі