Сярэдненькая піяр-кампанія каштуе ў 5 разоў больш, чым дазволена кандыдатам

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якой рэкламай карыстаюцца кандыдаты, якія мажлівасці яны для гэтага маюць і што перашкаджае зладзіць заўважны прамоўшн.
У наступныя два тыдні кандыдатаў чакае “медыя-цішыня”. Выступы па тэлебачанні і па радыё заканчваюцца ўжо на гэтым тыдні. Прадставіўшыся кандыдатам, карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў зрабіць сабе добрую рэкламу.

На тэлебачанні былі не супраць размясціць наш ролік. Калі ахопліваць некалькі каналаў і скарыстацца вечаровым часам — гэта абыдзецца ў 5-10 мільёнаў рублёў.

"Напрыклад, мы можам размяшчаць вас на двух каналах. Тыдзень ці месяц. Можна зрабіць болей каналаў. Кожны дзень будзе па некалькі выхадаў", — прапанавалі нам у тэлекампаніі “Свой круг”.

Дададзім сюды кошт вырабу роліка — 40-50 мільёнаў, і ад грошай, выдадзеных Цэнтрвыбаркамам на агітацыю (прыкладна, 80 мільёнаў), у нас застанецца... каля 20 мільёнаў.

Не супраць размясціць плакат з тварам і лозунгам кандыдата і ўладальнікі білбордаў. Праўда, у Мінску амаль усе стэнды аказаліся занятымі: напалову звычайнай рэкламай, напалову — сацыяльнай.

"У горадзе на білбордах ужо ўсё забіта сацыяльнай рэкламай, толькі калі на МКАД", — ветліва распавялі ў рэкламным агенцтве.

Паставіць свой білборд на кальцавой абыдзецца ў 400 долараў у месяц. Можна яшчэ намаляваць рэкламу кандыдата на мінскім грамадскім транспарце. Як высветлілася, каштуе гэта ў сярэднім каля 350 тысяч за месяц за адзін тралейбус, аўтобус або трамвай. Але ўзгадняць такую рэкламу давядзецца ад месяца да двух. Гэта пры тым, што рэгістрацыя кандыдатаў адбываецца толькі... за месяц да выбараў.

У такіх умовах некаторыя з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду пайшлі іншым шляхам самарэкламы. Так, Яраслаў Раманчук аддаў перавагу асабістым кантактам з выбаршчыкамі і інтэрнэту.

Яраслаў Раманчук: "Мы выбралі іншы шлях. Лепш займацца рэкламай праз пікеты, праз кантакты з людзьмі па гарадах".

Збольшага, кандыдатам замінае невялікі рэкламны бюджэт. Так, кіраўнік перадвыбарнага штаба Рымашэўскага Павал Севярынец кажа, што на якасную рэкламу не хапае сродкаў. Маўляў, афіцыйныя грошы ад ЦВК ужо патрацілі, а ў дабрачынным фондзе толькі некалькі сотняў тысяч рублёў.

Павел Севярынец:
"У нас ёсць плакаты. Іх зараз развешваюць паўсюль, і маркерам дапісваюць час сустрэчы. Ролікі мы пакуль не запускаем. У нас на сайце Рымашэўскага вісіць ролік, на YouTube ён ёсць, але пакуль што мы не маем грошай, каб размяшчаць гэта ўсё ў сацыяльных сетках альбо на платнай рэкламе. У нас на перадвыбарным рахунку толькі некалькі соцень тысяч".

Між іншым, час для рэкламы ў кандыдатаў не самы спрыяльны. Перад Новым годам амаль уся плошча для піяру занятая, кажа рэкламны кансультант Юлія Ляшкевіч. Да таго ж у кандыдатаў не так шмат магчымасцяў.

Юлія Ляшкевіч: "Зразумела, добра было б выкарыстаць знешнюю рэкламу, транспарт, прамую тэлевізійную рэкламу, а не "выступаючую галаву". Добра выкарыстоўваць вялікія экраны, як на Кастрычніцкай плошчы. Тэарэтычна нешта мажліва, фактычна — не. У кандыдатаў не той рэсурс, як у Адміністрацыі прэзідэнта. Дзесьці народ прабіваецца. Але ніводная вялікая спланаваная рэкламная кампанія не прайшла б кантроль. Тым больш, цяпер самы гарачы час, калі ўсе месцы на рэкламу занятыя".

Тым не менш, у штабе Уладзіміра Някляева ужо цяпер спрабуюць дамовіцца наконт тэлероліка і знешняй рэкламы. Але на шляху да якаснай агітацыйнай кампаніі ўзнікаюць перашкоды, распавёў Еўрарадыё кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмітрыеў: "Зараз спрабуем размясціць рэкламу ў грамадскім транспарце ў ліфтах, на тэлебачанні, у метро. Але ў метро ўжо сказалі, што няма месцаў. Яны былі — і раптам зніклі. Таксама ў частцы маршрутаў былі месцы — і раптам зніклі".

Розныя рэкламныя варыянты распрацоўваюць і ў выбарчым штабе Андрэя Саннікава. Праз пару дзён будзе бачна, ці гэта будзе мець плён, кажа кіраўнік выбарчага штаба кандыдата Уладзімір Кобец. Пакуль жа карыстаюцца традыцыйнымі сродкамі: плакаты ў грамадскіх месцах, улёткі, буклеты і выступы па радыё і тэлебачанні.

Яшчэ па гэтай тэме глядзі тут.


Фота:spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі