Сябра ПБНФ Юрась Зянковіч: "Войска — гэта войска, і ў ім павінна быць жорстка"

Сябра ПБНФ Юрась Зянковіч: "Войска — гэта войска, і ў ім павінна быць жорстка"

Сябра Партыі БНФ Юрась Зянковіч на сваім акаўнце ў Фэйсбуку рэзка выказаўся на адрас тых, хто крытыкуе войска ў сувязі з гібеллю салдата Аляксандра Коржыча

"Хлопчыкі і дзяўчынкі, а з чаго вы вырашылі, што войска павіннае быць марскім курортам, як зараз модна казаць, all inclusive? Войска — гэта войска, і ў ім павінна быць жорстка. Бо інакш ня выхаваеш сапраўднага жаўнера — абаронцу Айчыны.

І гэта нармальна, што ў войску здараюцца надзвычайныя становішчы, і што нават гінуць людзі. Гэта здараецца і ў беларускім, і ў польскім, і ў нямецкім, і ў амерыканскім войску. Людзі трапляюць у стрэсавую сітуацыю, і некаторыя не вытрымліваюць псіхалагічна і ламаюцца", — піша Зянковіч.

Ён крытыкуе грамадства за тое, што яно адразу ўсклала віну за гібель Коржыча на войска. "У нас такое войска, якое ёсць, і іншага не будзе. Дакладней, яно можа быць іншым, але пад іншым сьцягам — хутчэй за ўсё, пад трыкалорам. Калі мы хочам, каб нашае войска выканала сваю задачу — абараніла нас ад ворагаў — давайце ставіцца да яго і да людзей, якія там служаць, з павагай. Самае меншае, што зараз мы можам зрабіць — гэта спыніць гістэрыку ў грамадстве і патрабаваць аб'ектыўнага расследавання, не робячы высноваў раней за час", — заяўляе ён.

Зянковіч прапаноўвае пазітыўныя дзеянні замест гістэрыкі ў сацсетках. Па-першае, кажа ён, трэба выказаць спачуванні сям'і загінулага і маліцца за яго душу. Па-другое, трэба зрабіць так, каб выпадкі гібелі салдатаў калі не зніклі зусім, то прынамсі здараліся як мага радзей. "Гэта можа забяспечыць пастаноўка пад грамадскі кантроль войска — пад кантроль цывільных чыноўнікаў і грамадзянскай супольнасці", — мяркуе ён. 

Юрась Зянковіч некалькі гадоў таму з'ехаў з Беларусі ў ЗША, атрымаў там дыплом юрыста і зараз мае сваю юрыдычную практыку. На апошнім па часе з'ездзе Партыі БНФ Зянковіч разам з ужо экс-старшынёй партыі Аляксеем Янукевічам былі абраныя партыйнымі кандыдатамі на будучыя прэзідэнцкія выбары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі