Вы тут

Свята-Елісавецінскі манастыр выгнаў "Маляваныча" — але "не за палітыку”

Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў "Нябёсы" / obitel-minsk.ru

У сацсетках з'явілася інфармацыя аб тым, што акцёр Аляксандр Ждановіч, вядомы беларусам як Маляваныч з дзіцячай тэлеперадачы "Калыханка", звольнены са Свята-Елісавецінскага манастыра. Ждановіч называў манастыр сваім другім домам і быў там мастацкім кіраўніком дзіцячага інклюзіўнага тэатра "Радасць".

Пост пра гэта неўзабаве быў выдалены, а акцёр амаль адразу абверг інфармацыю, напісаўшы, што яго не маглі звольніць з манастыра, паколькі ніякіх юрыдычных адносін паміж ім і манастыром няма. А таксама — што яго стаўленне да Бога і да манастыра не змянілася:

"Лічу манастыр сваім домам, з якім мяне звязвае духоўнае жыццё і культурная дзейнасць... А як вядома, бацькоў і бацькаву хату не выбіраюць. Мая грамадзянская пазіцыя не супадае з пазіцыяй манастыра, але гэта не значыць, што я стаў ставіцца да людзей манастыра інакш, яны маюць права думаць па-іншаму! Я працягваю любіць іх і маліцца за іх".

Аднак у Свята-Елісавецінскім манастыры, на жаль, прытрымліваюцца іншага пункту гледжання.

"Мы з Аляксандрам засталіся ў цудоўных адносінах, ён як быў нашым вернікам, так ёсць, так і будзе. Тое, што мы не будзем супрацоўнічаць, ніяк на нашых і асабістых, і духоўных, і чалавечых, і якіх заўгодна адносінах не адлюстроўваецца", — распавядаюць там Еўрарадыё.

"Нельга сказаць, што мы звальняем людзей за палітычныя погляды. Гэта не так. Калі людзі звальняюцца, значыць ёсць нейкая сукупнасць фактараў. Мы ведалі пра яго погляды. Усё роўна з ім супрацоўнічалі, тут не было ніякіх праблем. Ён у пратэстным руху з самага пачатку, ён хадзіў на мітынгі са жніўня. Мы гэта выдатна ўсе ведалі, але тым не менш з ім супрацоўнічалі", — дадаюць у манастыры.

Акцёра Аляксандра Ждановіча 8 лістапада затрымалі на праспекце Пераможцаў. У гэты час там праходзіў пратэстны марш. "Маляваныч" заступіўся за жанчыну — і сам апынуўся ў аўтазаку.

На судзе акцёр даведаўся з пратаколу, быццам бы ён хадзіў і выкрыкваў лозунгі. Ждановіч не пагадзіўся з абвінавачаннямі і атрымаў 9 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.